ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкі

 ► 
 ◄ 

Асоба С. Манюшкі ў беларускай культуры

Станіслаў Манюшка быў, застаецца і заўсёды будзе гонарам нашай беларускай зямлі, яе культуры, якая ўзгадавала, натхніла яго і спазнала ўсю прыгажость і адухоўленасць ягонай ліры.

В. Дадзіёмава


Спрадвеку шляхецкі род Манюшкаў славіўся сваімі заслугамі ў культурна-асветніцкім развіцці Беларусі. Усе прадстаўнікі роду мелі добрую адукацыю і былі рознабакова адоранымі людзьмі. Так, дзядзька будучага кампазітара Дамінік Манюшка праславіўся мецэнацкай дзейнасцю, другі дзядзька Казімір быў знатным батанікам, многія продкі, родзічы і сваякі Станіслава былі сапраўднымі патрыётамі свайго краю, клапаціліся аб спадчыне, якую пакінуць сваім нашчадкам, займаліся фарміраваннем сядзібных комплексаў, спрыялі развіццю паркабудаўніцтва. Бацька кампазітара, Чэслаў Манюшка, быў паэтам і мастаком-аматарам, дзякуючы малюнкам якога сёння можна ўявіць Мінск сярэдзіны ХIХ стагоддзя.



Маці, Лізавета (Альжбета) Маджарская, з’яўлялася праўнучкай стваральніка вытворчасці знакамітых слуцкіх паясоў і была музычна адоранай жанчынай, брала ўрокі ў вядомага мінскага музыканта і кампазітара Пятра Карафа-Корбута, які граў на 24 інструментах. Менавіта такія карані, высакароднае паходжанне продкаў у спалучэнні з высокай культурай і грунтоўнымі ведамі перадаліся будучаму кампазітару, імя якога ведаюць і шануюць у розных краінах свету.

Напалеон Орда. Фальварак Убель. 1856-1883 гг.


Атрымаўшы ў спадчыну маёнтак Убель, што знаходзіўся непадалёк ад Смілавіч і Ігумена (цяпер – Чэрвень), Чэслаў Манюшка з жонкай абгрунтаваліся на новым месцы, дзе 5 мая 1819 года і нарадзіўся наш знакаміты зямляк, якому далі імя Станіслаў Ян Эдвард Казімір. Пра гэта сведчыць копія метрычнай выпіскі з кнігі Смілавіцкага парафіяльнага касцёла, якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.


Выпіска з метрычнай кнігі Смілавіцкага парафіяльнага касцёла. 5 мая 1819 г.

Пяцігадовы Стась за фартэпіяна. Малюнак Чэслава Манюшкі


Дзяцінства будучага кампазітара прайшло на ўлонні маляўнічай беларускай прыроды ў гучанні народных песень, якія спявалі сяляне. Стась хутка запамінаў іх, і яны, на думку польскага музыказнаўцы Уладзіслава Фабры, сталі тым зернем, з якога пазней вырасла яго славутая опера “Галька”. Сапраўдным святам для хлопчыка сталі сялянскія вечарынкі, якія наладжваліся ў маёнтку дзядзькі Юзэфа ў Смілавічах. Маёнтак так моцна ўразіў маленькага Стася, што шмат гадоў пазней замкавыя вобразы і паданні знайшлі ўвасабленне ў яго вялікай оперы “Страшны двор”.


Палац Манюшкаў у Смілавічах. 1917 г.


Першапачатковую музычную адукацыю хлопчык атрымаў ад маці, а амаль штодзённыя тэатральныя вечарыны ў бацькоўскім доме сталі своеасаблівым падмуркам, дзякуючы якому Манюшка пачаў фарміравацца як музычны драматург, кампазітар сінтэтычнага мыслення.


Віктар Сташчанюк. Дом, у якім жыў С. Манюшка. 1986 г. Аўталітаграфія


У 1827 годзе дзеля адукацыі сына сям’я Манюшкаў пераязджае ў Варшаву, дзе Станіслаў вучыцца ў гімназіі піяраў і займаецца музыкай пад кіраўніцтвам Аўгуста Фрэера, але неўзабаве ўжо ў 1830 годзе, каб працягваць навучанне Стася, Манюшкі зноў вяртаюцца на радзіму і пасяляюцца ў Мінску, дзе жывуць на Высокім рынку (цяпер – плошча Свабоды).



Дамінік Стэфановіч. Малюнак Чэслава Манюшкі

Станіслаў вучыцца ў Мінскай гімназіі (цяпер – будынак на Інтэрнацыянальнай, 19), пачынае займацца музыкай у вядомага мясцовага настаўніка, кіраўніка Мінскага аркестра Дамініка Стэфановіча. Праз шмат гадоў, у 1856-м, Манюшка, азіраючыся на свой жыццёвы шлях, пісаў у лісце А. Кіркору: “Маімі настаўнікамі фартэпіяннай музыкі былі: у вёсцы – мая маці, у Варшаве – слаўны арганіст Фрэер, у Мінску – мой бясцэнны Дамінік Стэфановіч. Гэты апошні, улюбёны ў сваё мастацтва і здольны ацаніць маё, гэткае ж імкненне да музыкі, змог так умела скіраваць яго на маю карысць, што з таго часу музыка стала для мяне самай важнай мэтай”.


У мінскім доме Манюшкаў. 30-я гады ХIХ ст.
Малюнак Чэслава Манюшкі


Хутка гасцінная кватэра Манюшкаў ператварылася ў своеасаблівы мастацкі салон, дзе амаль кожны дзень па ініцыятыве маці кампазітара збіралася тагачасная мінская інтэлігенцыя, сучаснікі і сябры Манюшкаў – музыканты, артысты, мастакі, сярод якіх былі Валенцій Ваньковіч, Ян Дамель, Пётр Карафа-Корбут, Дамінік Стэфановіч.


Пасля перыяду прафесійнай падрыхтоўкі ў Берліне пад кіраўніцтвам дырэктара Берлінскай музычнай акадэміі прафесара К. Рунгенхагена, Манюшка ў 1840 годзе пераязджае ў Вільню, дзе працуе як арганіст касцёла Святога Яна. У гэты час кампазітар стварае сям’ю, ажаніўшыся з Аляксандрай Мюлер. Пазнаёміўшыся яшчэ ў юнацтве, яны пранеслі сваё каханне праз ўсё жыццё, захавалі яго і збераглі, пражыўшы разам трыццаць гадоў. Пра адносіны гэтых рамантычных людзей сведчыць эпісталярная спадчына, якая выйшла ў перакладзе з польскай мовы на беларускую ў выданні “Ліставанне: 1826–1851” літаратуразнаўца і пісьменніка Язэпа Янушкевіча.


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота. 1850-я гг.

Віктар Барабанцаў. Сяброўскія сустрэчы (У. Сыракомля, С. Манюшка, В. Дунін-Марцінкевіч). 1983 г.

Наступныя 18 гадоў жыцця Станіслава Манюшкі былі напоўнены плённай працай у якасці дырыжора, педагога і кампазітара. Трэба адзначыць, што біёграфы і музыказнаўцы называюць гэты вельмі важны перыяд яго творчасці мінска-віленскім, бо гэты час адзначаны творчымі стасункамі, шматлікімі сустрэчамі, паездкамі да бацькоў, родных і сяброў у Мінск, дзе кожны прыезд Манюшкі станавіўся святам для беларускай творчай эліты. Тут ён супрацоўнічае з такімі віднымі дзеячамі нацыянальнай культуры, як Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля, Фларыян Міладоўскі, Каміла Марцінкевіч, шчыра дапамагае сваім землякам, калегам-музыкантам. Тут адбываюцца яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі. Менавіта ў Мінску ў 1841–1851 гадах былі напісаны і падрыхтаваны для выканання аперэты, створаныя ў садружнасці з беларускім драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам: "Чароўная вада", "Яўрэйскі рэкруцкі набор", "Спаборніцтва музыкантаў", а таксама славутая "Сялянка" ("Ідылія"), у якой упершыню ў гісторыі опернага мастацтва са сцэны прагучала беларуская мова. В. Дунін-Марцінкевіч высока ацэньваў асобу і творчасць Манюшкі, лічыў яго сапраўдным майстрам, “дударом” беларускай культуры. Так, да прыезду кампазітара ў 1856-м ён нават напісаў верш ад імя іх сумеснага “сялянскага” героя Навума Прыгаворкі, у якім Манюшку прысвечаны наступныя радкі: “А трэцi дудар меж намi ўзрос, ён нам братка, яму Мiнская зямелька родненькая матка!”

У той жа перыяд Манюшка стварыў і першую двухактную рэдакцыю оперы “Галька”, якая прынесла яму сусветную славу і ўпершыню была пастаўлена ў Вільні. Мінска-віленскі перыяд стаў часам высокага творчага ўздыму, адзначаным зваротам кампазітара да розных жанраў: сімфанічнага, опернага, камерна-інструментальнага, камерна-вакальнага, кантатна-аратарыяльнага. Шмат твораў Станіслаў Манюшка стварыў на аснове беларускага фальклору, пастаянна звяртаўся да вершаў сваіх суайчыннікаў.

С. Манюшка. Фота, 1865 г.

У 1858 годзе кампазітар пераязджае ў Варшаву, дзе становіцца сапраўдным класікам польскай оперы. Тут ажыццяўляюцца яго творчыя задумы, гучыць яго музыка, ён набывае сусветную славу. Стаўшы дырыжорам Вялікага тэатра ў Варшаве, кампазітар вельмі шмат працуе: адна за другой з’яўляюцца оперы, кантаты, іншыя разнажанравыя творы, прасякнутыя духам беларускай народнай музыкі. Жывучы ў Варшаве, кампазітар часта бываў у Мінску, спрыяў развіццю нацыянальнага тэатральнага мастацтва, цікавіўся творчасцю сваіх суайчыннікаў. Праз духоўную сувязь са сваім народам, сваімі землякамі, з лепшымі прадстаўнікамі тагачаснай беларускай інтэлігенцыі Станіслаў Манюшка не страціў адчуванне еднасці з радзімай, яе гісторыяй і культурай.

Жыццё Станіслава Манюшкі абарвалася нечакана – 4 чэрвеня 1872 года. Пахавальны картэж суправаджала сто тысяч чалавек. Засталіся недапісанымі оперы, няздзейсненымі задумы… Над магілай узрастала гара пышных вянкоў, а побач невядомая рука паклала сціплы букет першых васількоў. Відаць, іх прывезлі здалёку, бо кветкі прывялі. На чорнай стужцы – надпіс: “Станіславу Манюшку, сыну беларускай зямлі. Сіратой плача яна над гэтай труною”.

Смерць перапыніла жыццё кампазітара, але засталіся жыць яго творы. З кожным годам яны заваёўваюць усё большае кола слухачоў, фармуюць навуковую цікавасць даследчыкаў, гучаць на канцэртах і ставяцца на сцэнах усяго свету, а імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы, што адначасова рэпрэзентуе і аб’ядноўвае культуры гэтых краін.


На галоўную

Пераход да раздзелаў

111