Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Шлях да зор. Беларускі след у космасе і ў касманаўтыцы” прымеркавана да Дня касманаўтыкі (12 красавіка), а таксама – яркай падзеі 2024 года – палёту першага касманаўта ў гісторыі суверэннай Беларусі Марыны Васілеўскай у складзе экіпажа “Саюз МС-254”. Яна падрыхтавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і знаёміць з вялікімі адкрыццямі, адважнымі заваёўнікамі космасу і таямніцамі Сусвету.
Сярод шматлікіх праблем сучаснасці і будучыні найбольш папулярнай з’яўляецца праблема вывучэння і засваення космасу. Гэта заканамерна, бо космас уяўляе скрыжаванне ўсіх зямных навук; менавіта тут перад чалавецтвам адкрываецца неабсяжнае поле дзейнасці – Сусвет. На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 дакументаў, выдадзеных у ХІХ–ХХІ стст. Сярод іх – копіі архіўных дакументаў, навуковыя, навукова-папулярныя выданні, багаты ілюстрацыйны матэрыял (паштоўкі, альбомы, плакаты).
Распачынае экспазіцыю тэматычны раздзел “Сусвет: ад таямніцы да навукі”, у якім – выданні, што даюць агульнае ўяўленне пра космас, яго структуру, асноўныя законы фізікі і астраноміі, гістарычны погляд чалавецтва на зоркі.
Дарога ў космас была пракладзена ў другой палове мінулага стагоддзя, але папярэднічала гэтаму напружаная і самаахвярная праца некалькіх пакаленняў вучоных, інжынераў, канструктараў, іншых спецыялістаў.
Беларуская зямля багата на людзей, якія ў розны час рухалі наперад касмічную навуку і ўкаранялі яе дасягненні ў жыццё. Напрыклад, Казімір Семяновіч першым выказаў і апісаў яшчэ ў XVII ст. ідэю шматступеньчатай ракеты – прататыпа ракет, якія выводзяць спадарожнікі і касмічныя караблі. Факсімільнае навуковае выданне “Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча” (2024) разам з тэарэтычнымі працамі Канстанціна Цыялкоўскага і іншых навукоўцаў прадстаўлена ў раздзеле “Ад мары да праекта: першыя крокі да космасу”. Тут жа экспануецца рарытэтнае выданне прафесара Адольфа Гана “Практический курс физики” (1864).
Тэматычны раздзел “Космас у мастацтве: фантазіі, якія натхнілі навуку” раскрывае, як творцы прадбачылі будучыню касманаўтыкі. Тут дэманструюцца каталог жывапісных твораў беларускага мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, пісьменніка Язэпа Драздовіча, навукова-фантастычныя творы Аляксея Талстога, Якава Перэльмана, Мікалая Носава, Жуль Верна, Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, Рэя Брэдберы, Станіслава Лема, Лю Цысіня і іншых.
Палёт Юрыя Гагарына, які назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю XX ст., раскрываецца ў навукова-папулярных выданнях, успамінах, нарысах навукоўцаў, відавочцаў, сваякоў касманаўта. Яны дэманструюцца ў раздзеле “12 красавіка 1961: першы чалавек у космасе”.
У выяўленчым мастацтве тэма асваення касмічнай прасторы знайшла ўвасабленне ў творах розных мастакоў. Аднак адным з найбольш праўдзівых і прыцягальных лічыцца альбома “Касмічныя далягляды” (Масква, 1972) лётчыка-касманаўта Аляксея Лявонава і мастака-фантаста Андрэя Сакалова. Гэта натуральна, бо Аляксей Лявонаў – першы чалавек, які ступіў за борт свайго карабля, і ўбачыў нашу Зямлю і касмічную прастору, не абмежаваную ілюмінатарам. У экспазіцыі прадстаўлены 16 малюнкаў, у якіх на шматколернай левай палове намаляваны дасягненні савецкай касманаўтыкі, а на манахромнай правай – будучыня.
Тэматычны раздзел “Беларускія піянеры космасу: імёны і подзвігі” знаёміць з беларускімі касманаўтамі Пятром Клімуком, Уладзімірам Кавалёнкам, Алегам Навіцкім, Марынай Васілеўскай, якімі ганарыцца Беларусь.
Дзякуючы намаганням многіх людзей, творчаму падыходу, веры ў сілу чалавечага розуму і вернасці мары аб заваяванні Сусвету космас з кожным годам адкрывае нам усё больш сваіх таямніц. У апошнім раздзеле экспазіцыі “Космас сёння: тэхналогіі будучыні” прадстаўлены выданні, прысвечаныя развіццю касманаўтыкі ў XXI ст.
Запрашаем усіх жадаючых адправіцца ў кніжнае касмічнае падарожжа!
Экспазіцыя працуе ў кальцавой галерэі 3-га паверха з 11 красавіка па 31 снежня 2025 года.
Тэрмін экспанавання можа быць зменены.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.
Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.