Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Тэматычная кніжная выстаўка “Цудоўны лес, і нам яго берагчы”, падрыхтаваная да Дня пасадкі дрэў, адкрыта ў Кітайскім цэнтры кнігі (пам. 207g) з 7 па 31 сакавіка.
Дзень пасадкі дрэў у Кітаі – нацыянальнае свята, якое, згодна з “Рэзалюцыяй па правядзенні агульнанацыянальнай добраахвотнай кампаніі па пасадцы дрэў”, адзначаецца штогод 12 сакавіка.
У прынятай рэзалюцыі гаварылася, што кожны дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 11 да 60 гадоў павінен пасадзіць і выгадаваць ад трох да пяці дрэў за год. Калі пасадзіць дрэва па якіх-небудзь прычынах не ўдаецца, то неабходна выканаць работы эквівалентнага аб’ёму – сеянне, культывацыя, праполка, абразанне дрэў і іншыя падобныя віды работ.
Свята было заснавана ў 1981 годзе на чацвёртай сесіі Пятага нацыянальнага народнага кангрэса Кітая. Дата Дня была абрана не выпадкова. 12 сакавіка – дзень смерці кітайскага рэвалюцыянера Сунь Ятсена, які выступіў з ініцыятывай масавых пасадак дрэў у Кітаі і падаў асабісты прыклад. І дагэтуль у свяце бяруць асабісты ўдзел кіраўнікі КНР і камуністычнай партыі Кітая.
Ініцыятыва кіраўніцтва краіны была актыўна падтрымана насельніцтвам Кітая. Хаця сёння ў ёй бяруць удзел не ўсе пагалоўна, але размах таго, што робіцца, велізарны. Штогод у мерапрыемствах Дня ўдзельнічае каля 500 мільёнаў кітайцаў.
Пасля шматгадовых намаганняў па аднаўленні лясоў, Кітай заняў лідзіруючае месца ў свеце па плошчы лесанасаджэнняў, пры гэтым ступень ляснога покрыва ў краіне павялічылася больш чым удвая – з 12 % у пачатку 1980-х гадоў да 24,02 % у 2022 годзе.
Выстаўка налічвае каля 30 выданняў на кітайскай, англійскай і рускай мовах –кнігі, перыядычныя і выяўленчыя выданні. Гэтыя дакументы пазнаёмяць чытача з адной з найважнейшых каштоўнасцей Кітая – лясной экасістэмай.
Плошча, пакрытая лясамі і хмызнякамі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, складае больш за 220 мільёнаў гектараў. На тэрыторыі краіны растуць як хваёвыя і ліставыя дрэвы, так і трапічныя. У іх засяроджана асноўная біяразнастайнасць – тысячы відаў драўняных раслін. Лясы знаходзяцца ў некалькіх раслінных рэгіёнах, уключаючы пустыні і марскія залівы, дзе знаходзяцца мангравыя лясы.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены выданні, у якіх раскрываюцца асноўныя праблемы захавання і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў Кітая, экалагічныя праблемы, расказваецца аб мерах, што прымаюцца на нацыянальным узроўні ўрадам Кітая для захавання біяразнастайнасці відаў флоры і фаўны лясоў.
Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны прыгажосці і развіццю садоў і паркаў Кітая.
Выстаўка прызначана для чытачоў, якія цікавяцца прыродай, біяразнастайнасцю, аховай навакольнага асяроддзя, вопытам КНР у вырашэнні экалагічных праблем, а таксама для кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў ВНУ Рэспублікі Беларусь.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.
З тэматычнымі выстаўкамі Кітайскага цэнтра кнігі можна пазнаёміцца тут.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.