Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
30 студзеня ў галерэі “Лабірынт” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Чэхаў. Мастацтва натхнення”, прымеркаванай да 165-годдзя класіка рускай літаратуры, сусветна вядомага пісьменніка і драматурга Антона Паўлавіча Чэхава.
Яго ўплыў на рускую і сусветную літаратуру, развіццё сусветнай драматургіі, сусветны тэатр, творчасць рускіх і замежных пісьменнікаў складана пераацаніць. Творамі Антона Чэхава (усяго аўтар стварыў больш за 500 гумарыстычных апавяданняў, аповесцей, п’ес і г.д.), якія ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры і рускай класікі, перакладзенымі больш чым на сто моў, захапляліся і захапляюцца чытачы па гэты дзень.
У экспазіцыі – партрэты пісьменніка ў інтэрпрэтацыі Таццяны Мядзведзь, Ганны Алёшынай і Аляксандры Кухцінай. Утульныя пейзажы прысвечаны любімым месцам пісьменніка – яго дому, Гурзуфу, сядзібе Меліхава. Паўстаюць са сваімі штодзённымі клопатамі галоўныя героі “Дамы с собачкой”, “Душечки”, “Каштанки”, “Чайки”. Героі “Вишневого сада”, сам сад і сядзіба ва ўспрыманні Андрэя Карпянкова, Алены Баравой, Наталлі Наўроцкай, Іны Дзянішчык, Юліі Бортнік адрозніваюцца разнастайнасцю трактовак і тэхнік выканання. Перыпетыі “Палаты № 6”, “Чёрного монаха”, яркія моманты “Ионыча”, “Человека в футляре”, візуальна ўвасобленыя цытаты “Дяди Вани” адлюстраваны ў жывапісе і графіцы сучасных беларускіх аўтараў.
Выстава дае магчымасць адчуць актуальнасць у сучасным беларускім выяўленчым мастацтве творчасці класіка і тонкага псіхолага, які своеасабліва спалучаў гумар і лірызм.
З 5 лютага па 31 мая ў кальцавой галерэі 2-га паверха працуе кніжная выстаўка “На крылах Чэхава”.
Дата заканчэння выстаўкі 19 сакавіка 2025 года.
Тэрмін экспанавання можа быць зменены.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.