Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Дасканаласць формы: мастацтва скульптуры” з калекцыі выяўленчых дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць з 10 студзеня па 11 лютага ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).
Глубокий взор вперив на камень,
Художник нимфу в нём прозрел,
И пробежал по жилам пламень,
И к ней он сердцем полетел.
Яўген Баратынскі. “Скульптор”
“Скульптура па меншай меры ў восем разоў пераўзыходзіць жывапіс, бо яна мае не адзін, а шмат пунктаў агляду, і ўсе яны павінны быць аднолькава каштоўнымі і выразнымі”, – лічыў вядомы італьянскі скульптар, ювелір і пісьменнік XVI стагоддзя Бенвенута Чэліні. Адзін з найбольш старажытных відаў выяўленчага мастацтва, скульптура паасабліваму ўплывае на чалавека і яго ўспрыманне, бо, з’яўляючыся пераважна не плоскаснай, а аб’ёмнай выявай, увесь час мяняецца ў залежнасці ад асвятлення і навакольнай прасторы, у якой знаходзіцца. Трохмернасць, множнасць пунктаў агляду, адчуванне аб’ёму і рэальнасці формы, яе адчувальнасць і матэрыяльнасць, складанасць гульні святла і ценю, якая нараджаецца на паверхні пластычнага твора, разнастайнасць і багацце матэрыялаў… Характарызуючыся гэтымі асаблівасцямі, скульптура з’яўляецца ўнікальнай, бо дынамічнасцю, рухам, уласным “жыццём” у прасторы, яна блізкая зменлівасці свету, у якім мы жывём.
На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі шэдэўраў сусветнай скульптуры – ад мастацтва першабытнага грамадства і Старажытнага Егіпта да найноўшых форм сучаснасці. Увагу гледачоў прыцягнуць выявы ўсіх відаў і тэхнік скульптуры: круглая скульптура і рэльеф, манументальная і станковая скульптура, дробная пластыка, японскія мініяцюрныя фігуркі нэцке, надмагільныя помнікі, каменныя, драўляныя, гліняныя, металічныя творы майстроў. У ліку экспанатаў рэпрадукцыі Венеры Вілендорфскай, скульптурнага партрэта царыцы Неферціці, знакамітага “Дыскабола” Мірона і “Афрадыты Кнідскай” Праксіцеля, герояў грэчаскай міфалогіі “Нікі Самафракійскай” і “Афрадыты Мілоскай”, “Капіталійскай ваўчыцы”, “Лаакаона” з двума сынамі, якіх абвіваюць змеі і іншых найвялікшых шэдэўраў старажытнасці і антычнасці, якія захапляюць хараством і дасканаласцю да нашых дзён.
Грандыёзныя скульптурныя творы майстроў эпохі Адраджэння Данатэла, Верок’ё, Мікеланджэла захапляюць неверагодным майстэрствам, урачыстасцю чалавека, яго незвычайнай прыгажосцю, адмыслова і неспасціжна розуму апетай у камені. Не менш моцнае ўражанне робяць і працы скульптараў наступных эпох, сярод якіх – Ларэнца Берніні і створаныя ім зменлівыя формы барока, дзе скульптура з архітэктурай пераплятаюцца і аб’ядноўваюцца ў зладжаным ансамблі.
У экспазіцыі прапанаваны альбомы рэпрадукцый, каталогі выставак, манаграфіі, прысвечаныя асобным заходнееўрапейскім скульптарам і іх творам. Так, наведвальнікі могуць палюбавацца пластыкай майстроў класіцызму Жана Гудона і П’ера Пюжэ, Антоніа Кановы і Бертэля Торвальдсена, якія стварылі шэраг міфалагічных вобразаў і сталі творцамі ідэальнай, кананічнай прыгажосці. Побач экспануюцца зусім іншыя вобразы: мяцежнасць і парыў у работах Франсуа Руда, барацьба стыхій і магутная сіла жывёл у пластыцы Антуана Лукі Бары прымусяць гледача падоўгу разглядаць гэтыя шматфігурныя, кампазіцыйна складаныя і неверагодна дынамічныя выявы эпохі рамантызму.
“Вечная вясна”, “Рамэа і Джульета”, “Амур і Псіхея”, “Паэт і Муза”… Зыбкія, трапяткія і жывыя вобразы, створаныя вялікім скульптарам-імпрэсіяністам Агюстам Радэнам, фотаілюстрацыі якіх паказваюць багацце чалавечых пачуццяў і ўвасабляюць сапраўдную паэзію мармуру. Рэнуар, Дэга, Гаген, усім вядомыя як жывапісцы, уразяць наведвальнікаў майстэрствам не толькі пэндзля, але і разца.
Заслугоўваюць увагі і шэдэўры рускай скульптуры. Пышнасць, святочнасць і ўрачыстасць скульптурных партрэтаў Карла Растрэлі, віртуозная работа з мармурам Фядота Шубіна, лірычная пластыка Івана Мартаса, веліч і прыгажосць каня ў работах Пятра Клота, дакументальная дакладнасць і драма гістарычных асоб у творчасці Марка Антакольскага, майстэрства работы з дрэвам Сяргея Канёнкава, моц і валявая дынаміка форм Веры Мухінай… Спадчына знакамітых рускіх скульптараў паўстае ва ўсёй разнастайнасці і паўнаце.
Па традыцыі значная частка экспазіцыі прысвечана творам вядомых скульптараў Беларусі: Язэпа Драздовіча і Восіпа Цадкіна, Заіра Азгура і Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава і Сяргея Селіханава… Побач дэманструюцца рэпрадукцыі работ сучаснікаў: “касмічнага” скульптара Івана Міско, Уладзіміра Слабодчыкава, Івана Арцімовіча, Льва і Сяргея Гумілеўскіх, Максіма Петруля, Андрэя Асташова, братоў Аганавых і іншых прадстаўнікоў нацыянальнай школы скульптуры.
Дапаўняюць экспазіцыю ўнікальныя працы даследчыкаў мастацтва скульптуры XIX – пачатку XX стагоддзя, а таксама сучасныя выданні па тэорыі скульптуры і пластычнай анатоміі для студэнтаў-скульптараў.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Фотаздымкі бібліятэкара першай катэгорыі Жанны Шавель.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.