Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Юбілейная кніжная выстаўка “Захавальнік духоўнай спадчыны”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925–2006), праходзіць з 8 студзеня па 27 лютага ў зале беларускай літаратуры (пам.205).
У сузор’і пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці адлюстравалі тэму Вялікай Айчыннай вайны, імя Івана Навуменкі адно з самых значных. Памяць пра ваеннае ліхалецце пісьменнік пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў.
Проза Івана Навуменкі займае пачэснае месца ў беларускай літаратуры. Шчырасцю, непасрэднасцю, глыбокім пачуццём прасякнута яго творчасць, яе рамантычная прыўзнятасць, сваеасаблівы лірызм, праніклівы псіхалагізм, высокая маральнасць выклікаюць вялікі водгук у чытачоў і сёння.
Першы раздзел выстаўкі “Голасам свайго пакалення” знаёміць са шматлікімі зборнікамі апавяданняў, навел і аповесцей аўтара: “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, “Замяць жаўталісця”, “Бульба”, “Таполі юнацтва”, “Вераніка”, “Тая самая зямля”, “Падарожжа ў юнацтва” і інш., раманамі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах” , “Сорак трэці” , “Смутак белых начэй” і інш., апошнім значным творам – трылогіяй “Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва” і яго працягам “Любімы горад”.
Вялікі ўклад унёс Іван Якаўлевіч і ў айчыннае літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфій “Янка Купала. Духоўны воблік героя”, “Якуб Колас. Духоўны воблік героя”, “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, “Змітрок Бядуля”, “Максім Багдановіч”, “Ранні Кузьма Чорны” і інш., рабіў даклады аб іх творчасці на міжнародных з’ездах славістаў, друкаваў артыкулы не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.
Другі раздзел выстаўкі “І. Навуменка – рэдактар, складальнік” прысвечаны дзейнасці І.Я. Навуменкі як навуковага рэдактара. Іван Якаўлевіч прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні акадэмічных выданняў “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры”, “История белорусской советской литературы”, “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, якія маюць навуковае і асветніцкае значэнне, а таксама вялікай колькасці мастацкіх і літаратуразнаўчых выданняў.
Многія яго творы перакладзены на рускую, літоўскую, латышскую, украінскую, балгарскую і іншыя мовы.
Асобная частка экспазіцыі “Дарогай пошуку” знаёміць з публікацыямі, змешчанымі ў энцыклапедычных выданнях, кнігамі і артыкуламі пра жыццё і творчасць І.Я. Навуменкі.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.