ГалоўнаяМерапрыемствыЗапрашаем на выставу “Кнігазбор Я.І. Бараноўскага: лёс і кнігі”
Запрашаем у казачнае падарожжа разам з ёлачнымі цацкамі!
Міхась Лынькоў. Шчодры чалавечы талент

Запрашаем на выставу “Кнігазбор Я.І. Бараноўскага: лёс і кнігі”

Запрашаем на выставу “Кнігазбор Я.І. Бараноўскага: лёс і кнігі”
Іншыя Мерапрыемствы
27 лістапада – 31 студзеня
Дата правядзення
10.00–18.00
Час правядзення
музей кнігі (пам. 347)
Месца правядзення

З 27 лістапада ў музеі кнігі арганізавана выстава “Кнігазбор Я.І. Бараноўскага: лёс і кнігі”.

Кнігазбор ураджэнца Магілёўшчыны, дзяржаўнага дзеяча, тайнага саветніка, грамадзянскага губернатара Арэнбурга і Саратава Ягора Іванавіча Бараноўскага (1821–1914) у пачатку 1920-х гг. стаў адным са значных набыткаў, якія папоўнілі фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (тады – Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі).

Асабістая бібліятэка Я.І. Бараноўскага з яго сядзібы “Выдранка” ў былой Магілёўскай губерні ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. налічвала каля 10 000 кніг і з’яўлялася адной з найбуйнейшых не толькі ў Беларусі.

Кніжны збор адлюстроўваў прафесійныя інтарэсы Ягора Іванавіча і ўключаў літаратуру па гісторыі права, юрыспрудэнцыі, эканамічнай тэорыі, а таксама па сацыяльна-эканамічных і палітычных вучэннях. Значную частку складалі выданні па мовазнаўстве, філалогіі і літаратуры, падручнікі і слоўнікі замежных моў.

У 1870 г. Я. Бараноўскі здзейсніў кругасветнае падарожжа. Таму ў калекцыі шмат літаратуры па гісторыі, геаграфіі, этналогіі і культуры народаў розных краін. Асаблівую цікавасць уяўляюць унікальныя асобнікі выданняў, прысвечаныя краінам Усходу і Азіі. Наведвальнікі могуць убачыць не толькі іх, але і пазнаёміцца з вехамі жыццёвага шляху ўладальніка кнігазбору і разам з ім здзейсніць падарожжа з Італіі ў Егіпет, Індыю, Кітай, Японію і Амерыку.

Сярод экспанатаў – старадрук 1622 г. А. Венера аб падарожжы ў Турцыю, кніга 1770-х гг. Р. Поўкака аб наведванні Егіпта, Палестыны, Лівана, Сірыі, Малой Азіі і Грэцыі, а таксама шэраг выданняў 1-й паловы ХІХ ст.

Запрашаем усіх зацікаўленых да знаёмства з выставай.


Экспазіцыя будзе працаваць да 31 студзеня 2025 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 81, 293 27 22.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.



Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты