Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Кніжна-дакументальная выстаўка “Міхась Лынькоў. Шчодры, чалавечы талент” прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння празаіка, крытыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча дзіцячага і народнага пісьменніка Беларусі Міхася Ціханавіча Лынькова.
Яна падрыхтавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Дакументальныя крыніцы і выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі раскрываюць розныя аспекты дзейнасці Міхася Лынькова, адлюстроўваюць цесную сувязь жыццёвага шляху аўтара і яго пісьменніцкай работы, паказваюць шырокі жанравы дыяпазон твораў.
Распачынае экспазіцыю тэматычны раздзел “Жыццёвыя пуцявіны Міхася Лынькова”. Праз прадстаўленыя копіі архіўных дакументаў і выданні ён паўстае як удумлівы і праніклівы назіральнік жыцця, яго непасрэдны ўдзельнік. Лынькоў жыў актыўным творчым і грамадскім жыццём. Пісаў апавяданні, працаваў над ваенна-гістарычным раманам “Векапомныя дні” аб народных мсціўцах, кіраваў пісьменніцкай арганізацыяй, у якасці дыпламата ездзіў на сесіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, сустракаўся з выбаршчыкамі і выконваў іх даручэнні як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, удзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах, паездках, сустрэчах.
“Пісьменнік і яго героі” – такую назву атрымаў другі раздзел выстаўкі. Экспануемыя матэрыялы сведчаць пра тое, што Міхась Лынькоў з’яўляецца летапісцам гераічнай савецкай эпохі, песняром мужнасці, працоўнага подзвігу і маральнага хараства савецкага чалавека. Прызнаны майстра мастацкага слова, Міхась Лынькоў значна ўзбагаціў савецкую літаратуру, праклаў у ёй адметны глыбокі след. Але і ў сённяшняга чытача выклікаюць цікавасць яго творы, бо ў іх можна адшукаць звесткі па гісторыі штодзённасці і развіццю сацыяльнай думкі беларусаў.
Творы, якія дэманструюцца на выстаўцы, неаднаразова перавыдаваліся і добра вядомы чытачам розных пакаленняў. На экспазіцыйных паліцах – багатая літаратурная спадчына пісьменніка: першая кніга “Апавяданні” (1927), зборнікі прозы “Гой” (1929), “Апошні зверыядавец” (1930), “Андрэй Лятун” (1932), “На вялікай хвалі” (1934), “Баян” (1935), раман-эпапея “Векапомныя дні” (1951), кніга замалёвак, нарысаў і апавяданняў “За акіянам” (1962), літаратуразнаўчыя працы “Літаратура і жыццё” (1978), “Публіцыстыка” (1980) і іншыя.
Асобнае месца ў творчасці Міхася Лынькова займаюць творы для дзяцей. Талент і майстэрства, а таксама глыбокае веданне асобы дзіцяці і ўменне пісаць захапляльна не пакідаюць абыякавымі маленькіх чытачоў і сёння. Карыстаюцца папулярнасцю аповесці “Міколка-паравоз” (1937), “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” (1937), апавяданне “Янка-парашутыст” (1937) ды іншыя творы пісьменніка.
Звяртаюць на сябе ўвагу кнігі М. Лынькова, перакладзеныя на розныя мовы свету і каштоўныя дакументы з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: фотаздымкі, лісты-адказы пісьменніка Лынькова на запыты дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна Іосіфа Сіманоўскага і галоўнага бібліёграфа Ніны Ватацы.
Проза Міхася Лынькова ў ХХ–ХХI стст. была аб’ектам пастаяннай увагі вядучых крытыкаў, мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Гэтая тэма актуалізавана ў раздзеле “Мова і стыль Міхася Лынькова”. Прадстаўлены навуковыя даследаванні Д. Бугаёва, М. Гарэцкага, І. Жыдовіча, В. Казловай, У. Карпава, Я. Коласа, Ф. Куляшова, Т. Сцяшковіч і іншых.
Кніжна-дакументальная выстаўка дае магчымасць шырокаму колу зацікаўленых чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю выдатнага пісьменніка Міхася Лынькова.
Выстаўка працуе ў кальцавой галерэі 2-га паверха з 27 лістапада да 22 снежня.
Тэрмін экспанавання можа быць зменены.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Прапанаваныя ў экспазіцыі кнігі можна замовіць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.
Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.