Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, – не ўтойваць
ад чытача нічога, пастарацца ўсё, што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям.
У гэтым гуманны сэнс літаратуры, у гэтым гуманная сутнасць творчасці.
І.Г. Чыгрынаў
Юбілейная кніжная выстаўка “З даверам да жыцця”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, перакладчыка, публіцыста Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934–1996), праходзіць з 26 лістапада 2024 па 8 студзеня 2025 года ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).
Іван Чыгрынаў – пісьменнік з непаўторным бачаннем свету, таленавіты, самабытны мастак слова. Ён добра ведаў жыццё і ўмеў заўважыць і адлюстраваць усё найбольш значнае і цікавае. Творам Чыгрынава ўласцівы дэталёвы аналіз унутранага свету чалавека, паэтычнасць, рэалістычная канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова.
Многія апавяданні напісаны на аснове пачутага, убачанага, асабіста перажытага. У іх увасобіліся ўражанні дзяцінства, абпаленага вайной. У першым раздзеле выстаўкі “Сляды на зямлі” прадстаўлены эпічныя раманы І. Чыгрынава пра Вялікую Айчынную вайну: “Плач перапёлкі” (1970), “Апраўданне крыві” (1976), “Свае і чужынцы” (1983), “Вяртанне да віны” (1992), “Не ўсе мы згінем” (1996). Тут таксама сабраны аўтарскія кнігі апавяданняў і аповесцей, зборнікі і перыядычныя выданні, дзе змешчаны творы юбіляра.
Значнае месца ў экспазіцыі займаюць аўтарскія выданні крытыкі і публіцыстыкі – “Новае ў жыцці, новае ў літаратуры”, “Паміж сонцам і месяцам: роздум над жыццём, культурай і літаратурай”, манаграфія “Николай Яковлевич Никифоровский” (у сааўтарстве з В.К. Бандарчыкам).
На паліцах выстаўкі Іван Гаўрылавіч прадстаўлены таксама як кінасцэнарыст і драматург. Тут змешчаны рэжысёрскія сцэнарыі шматсерыйнага тэлефільма “Руины стреляют…” (у сааўтарстве з І. Новікавым) і сцэнарый “Плач перепёлки”, яго кніга п’ес “Звон – не малітва” і інш.
Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты перакладчык “Слова пра паход Ігаравы” (1991). Дзякуючы яму на беларускай мове загучалі апавяданні І. Андрыча, В. Бялова, Я. Еўтушэнкі, В. Ліханосава, У. Салаухіна, п’есы Максіма Горкага “На дне” і Усевалада Вішнеўскага “Аптымістычная трагедыя”.
У раздзеле “Адзінства і разнастайнасць” сабраны кнігі, зборнікі, перыядычныя выданні, у якіх надрукаваны пераклады на беларускую мову Чыгрынава з рускай, узбекскай, дацкай, украінскай, армянскай і яго творы, перакладзеныя на рускую, англійскую, арабскую, балгарскую, іспанскую, малдаўскую і іншыя мовы народаў свету.
Чытачам бібліятэкі цікава будзе пазнаёміцца з матэрыяламі аб жыцці і творчасці народнага пісьменніка, прадстаўленымі ў раздзеле “Па дарогах праўды і мужнасці”.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.