ГалоўнаяМерапрыемствыРаўнапраўныя члены грамадства
Павер у сябе
Цыкл сустрэч “20 пытанняў пісьменніку”: Навум Гальпяровіч

Раўнапраўныя члены грамадства

Раўнапраўныя члены грамадства
Іншыя Мерапрыемствы
22 лістапада – 22 снежня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207a
Месца правядзення

З 22 лістапада па 22 снежня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207а) адкрыта тэматычная выстава “Раўнапраўныя члены грамадства”, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.

Гэты Дзень адзначаецца ва ўсім свеце штогод 3 снежня згодна рэзалюцыі 47/3 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 кастрычніка 1992 года. Яго мэта – папулярызацыя праў інвалідаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да праблем інвалідаў.

Прыняцце Канвенцыі аб правах інвалідаў у 2006 годзе стала лагічным працягам шматгадовай працы ААН у гэтай галіне. А Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года і прынятая ў 2019 годзе Стратэгія ААН па інтэграцыі інвалідаў замацавалі асновы дзейнасці па далейшай папулярызацыі праў інвалідаў.

Прапанаваная экспазіцыя раскрывае ўсе аспекты становішча людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў сучасным грамадстве. Яна налічвае каля 80 дакументаў на рускай і англійскай мовах. Гэта кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні, буклеты.

Дакументы знаёмяць чытача з сацыяльнымі, эканамічнымі і культурнымі бар’ерамі, якія перашкаджаюць інвалідам стаць паўнапраўнымі членамі грамадства, а таксама з дзейнасцю ААН і іншых арганізацый, накіраванай на распрацоўку і прымяненне міжнародных норм і стандартаў адносна інвалідаў і іх раўнапраўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Сярод дакументаў – даклады Камітэта па правах інвалідаў, справаздачы аб іх становішчы ў Рэспубліцы Беларусь, зборнікі міжнародна-прававых дакументаў і нацыянальных заканадаўчых актаў, манаграфіі, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, даведачныя і навучальныя дапаможнікі і інш.


Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Інваліды і грамадства (агульныя пытанні)
  • Міжнародныя нормы і стандарты адносна інвалідаў, правы інвалідаў
  • Сацыяльная абарона і адукацыя інвалідаў
  • Праблемы дзіцячай інваліднасці
  • Медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя інвалідаў
  • Прававыя гарантыі сацыяльнай абароны інвалідаў у Беларусі

Выстава будзе цікавая спецыялістам у галіне сацыяльнай палітыкі і сацыяльнай работы, медыцынскім работнікам і работнікам службаў сацыяльнай абароны насельніцтва, сацыёлагам, самім інвалідам, студэнтам і выкладчыкам сацыяльных дысцыплін.

На сённяшні дзень насельніцтва свету складае больш за 7 мільярдаў. Больш за 1 мільярд чалавек маюць тую ці іншую форму інваліднасці – гэта кожны сёмы жыхар нашай планеты. Больш за 100 мільёнаў інвалідаў – дзеці.

Па ўсім свеце людзі з інваліднасцю дэманструюць больш нізкія вынікі адносна здароўя, адукацыі, меншую эканамічную актыўнасць і больш высокія паказчыкі беднасці, чым не інваліды. Збольшага, гэта абумоўлена тым, што інваліды сутыкаюцца з бар’ерамі, якія перашкаджаюць іх доступу да звыклых для большасці з нас паслуг, такіх, як ахова здароўя, адукацыя, занятасць, транспарт і г.д. Выявіць гэтыя бар’еры і прыняць належныя меры для забеспячэння доступу інвалідаў да ўсіх аспектаў жыцця грамадства на роўных падставах – задача кожнай з дзяржаў – членаў ААН.

Карысныя спасылкі

Дакументы

Міжнародныя інструменты

Міжнародныя дні

З пералікам лiтаратуры да тэматычных выставак можна азнаёмiцца ў раздзеле Спісы літаратуры да выставак за 2024 год.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 30.

Таксама да Дня інвалідаў у бібліятэцы праходзіць фотавыстава "Павер у сябе".

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.



Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты