Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
28 лістапада адбылося адкрыццё фотавыставы Дар’і Філіповіч “Павер у сябе”, прымеркаванай да Дня інвалідаў (3 снежня).
Праект арганізаваны пры ўдзеле школы фатаграфіі “Анёл” аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна г. Мінска”.
Яго мэта – прыцягнуць увагу да праблемы інваліднасці і жыцця з абмежаванымі магчымасцямі, дзейнасці цэнтра і фоташколы. Куратар – кіраўнік школы фатаграфіі “Анёл”, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, педагог, інвалід-калясачнік Эдуард Клуйша.
Выстава “Павер у сябе” – вынік працы Дар’і Філіповіч за цэлы год, адлюстраванне яе ўнутранага свету, асаблівага погляду на навакольны свет, таленту, імкненняў і мар.
На фотаздымках – вуліцы Мінска, архітэктурныя панарамы, кампазіцыі садавіны, кветак, пейзажныя фотазамалёўкі, сілуэты і партрэты знаёмых, усмешкі і задуменныя погляды. Аўтар эксперыментуе з лініяй гарызонту, небам, святлом, ценямі, адлюстраваннем, вадой і шклом, сіметрыяй, балансам і глыбінёй здымка.
Работы працяты энтузіязмам, пазітыўным успрыманнем жыцця, радасцю ад магчымасці тварыць і дзяліцца, быць і любіць.
Падобныя праекты падтрымліваюць такіх аўтараў, як Дар’я Філіповіч, дзяцей, маладых і дарослых людзей з інваліднасцю на шляху іх творчай рэалізацыі, сацыялізацыі ў грамадстве, транслююць актыўную жыццёвую пазіцыю, вучаць верыць у сябе і сваё шчасце.
Фотавыстава будзе працаваць да 12 лютага 2025 г.
Тэрмін экспанавання можа быць зменены.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.