Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Юбілейная кніжная выстаўка “Шчасце – служыць дабру”, прысвечаная 80-годдзю беларускага пісьменніка Зіновія Прыгодзіча, праходзіць з 1 кастрычніка па 4 лістапада ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).
Зіновій Прыгодзіч – вядомы беларускі журналіст, галоўны рэдактар папулярнага ў краіне часопіса “Гаспадыня”, аўтар каля 40 мастацкіх і дакументальных кніг. Яго аповесці “Ноч перад нядзеляю”, “Журба мая светлая”, “Чаромхавыя халады”, шматлікія апавяданні і эсэ ўзнімаюць важныя актуальныя праблемы – лёс сучаснай беларускай вёскі, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, радасці і пакуты першага кахання, сацыяльныя праблемы і іншыя з’явы сучаснага грамадства.
Асноўны раздзел выстаўкі “Вытокі духоўнасці” прысвечаны багатай літаратурнай спадчыне Зіновія Прыгодзіча. Тут можна азнаёміцца з дакументальнымі аповесцямі “Строгая дабрата”, “Крылы дужэюць у палёце”, “Журавы на Далёкай пойме”, “Доўга будзе Карэя мне сніцца…” і інш., зборнікамі нарысаў “Добры дзень, сад!”, “Жменя зярнят” і інш., зборнікам лірыкі “Калі б не ты”, кнігай для дзяцей “Арцёмкавы канікулы”, публіцыстычнымі артыкуламі, якія адлюстроўваюць яго погляды на сацыяльныя і культурныя пытанні.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць дзве яго трылогіі – “Постаці” і “Созидатели”, дзе асветлены жыццёвы і творчы шлях выбітных дзеячаў беларускай культуры. Гэта гутаркі-эсэ, гутаркі-партрэты, гутаркі-нарысы, у якіх глыбока і рознабакова раскрываюцца характары вядомых асоб, іх духоўны і маральны свет, цікавыя, часам драматычныя лёсы.
Адна з апошніх кніг Зіновія Прыгодзіча “Шчасце – служыць дабру”, якая паслужыла назвай для выстаўкі, выйшла ў 2022 годзе ў серыі “Асоба і час”. Гэта своеасаблівыя агледзіны пражытага і перажытага пісьменнікам, спроба асэнсаваць сябе ў кантэксце часу. Аўтабіяграфічныя нататкі, артыкулы, эсэ, інтэрв’ю дапамагаюць чытачу атрымаць цэласнае ўяўленне пра жыццё і творчасць аднаго з выбітных пісьменнікаў Беларусі.
Асобным раздзелам прадстаўлены кнігі, дзе З. Прыгодзіч выступае складальнікам ці рэдактарам.
Дапаўняюць экспазіцыю матэрыялы аб жыцці і творчасці пісьменніка, змешчаныя ў энцыклапедычных і перыядычных выданнях.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.