Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Юбілейная выстава “Велікан: Антон Брукнер”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння аўстрыйскага кампазітара, арганіста, сімфаніста, царкоўнага музыканта, педагога, праходзіць з 3 верасня па 7 кастрычніка ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).
Музычная спадчына Антона Брукнера вялікая – яна змяшчае звыш 120 назваў. Сярод іх нямала духоўных твораў, якія кампазітар ствараў не толькі ў сувязі са сваімі службовымі абавязкамі арганіста, але і па перакананні, бо быў вельмі веруючым чалавекам. Менавіта ў мастацтве арганных імправізацый, якія адрозніваліся не толькі віртуознай тэхнікай, але перш за ўсё велізарнай адухоўленасцю, раней за ўсё выявіліся творчыя здольнасці музыканта.
Ёсць у кампазітара таксама свецкія кантаты, хоры, сольныя песні. Некалькі твораў ён прысвяціў камерна-інструментальнаму жанру. Але цэнтральнае месца ў яго спадчыне займаюць, вядома ж, сімфоніі. Антон Брукнер – адзін з найбуйнейшых сімфаністаў другой паловы XIX стагоддзя. Цесна звязаны з аўстрыйскім фальклорам і традыцыямі музычнай класікі, ён адрадзіў у сваёй творчасці манументальны сімфанічны стыль.
На выставе прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць кампазітара: І. Бялецкі “Брукнер”, Л. Рапапорт “Антон Брукнер”, Л. Кандаурава “Полчаса музыки: Как понять и полюбить классику”, “Музыка Австрии и Германии XIX века” і інш., а таксама артыкулы з перыядычных выданняў.
Нотныя выданні твораў А. Брукнера займаюць асаблівае месца на экспазіцыі: “Quintett F dur”, “Messe in f moll”, “Te Deum”, “Імша № 3”, “Рэквіем”, “Ave Maria” і іншыя, а таксама сем партытур з дзевяці яго знакамітых сімфоній.
Поўную калекцыю сімфанічнай спадчыны і іншыя творы кампазітара, таксама прадстаўленыя на выставе, можна праслухаць у зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 52.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.