Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Па конях!: вобраз каня ў творах мастацтва” з калекцыі выяўленчых дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць з 29 жніўня па 29 верасня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).
Каня! Паўцарства за каня!
Уільям Шэкспір
“Сделать ход конем”, “Конь не валялся”, “Не пришей кобыле хвост”, “Дарёному коню в зубы не смотрят”, “Вялікаму каню – вялікі хамут”, “Конь на чатырох нагах, і той спатыкаецца”, “Конь вырвецца – здагоніш, а слова вырвецца – не зловіш”, “Стары конь баразны не псуе, але глыбока не арэ” – усе гэтыя крылатыя выслоўі знаёмы кожнаму з нас. Ва ўсе часы людзі розных саслоўяў, узростаў, краін і народаў высока шанавалі коней, паважалі за працавітасць, захапляліся іх прыгажосцю і грацыяй, дзівіліся іх хуткасці і вынослівасці.
Аб конях складзена мноства міфаў і легенд, павер’яў і прымет, якія вядомы са старажытнасці. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі хуткасць жывёл параўноўвалі з ветрам і большасць вядомых коней уяўлялі крылатымі, уключаючы Пегаса, жвавага белага каня бога Апалона. Героямі антычных міфаў часта станавіліся і фантастычныя істоты кентаўры – коні з галавой і торсам чалавека. Адзін з іх, Хірон, апісаны як мудрэц і выхавальнік Ахіла і Геркулеса, вядомых герояў грэчаскай міфалогіі.
Акрамя мудрасці і хуткасці, паводле вераванняў некаторых народаў, конь атаясамліваўся са звышнатуральнай сілай, якая захоўваецца нават пасля смерці, а ржанне коней лічылася прароцкім. Так, у Персіі цара абіралі шляхам збору коней, якія належаць прэтэндэнтам на царскі трон. У выніку царом абвяшчалі менавіта таго чалавека, чый конь першым пачынаў ржанне.
Цікава, што ў апошні дзень жніўня на Русі адзначаўся Дзень каня. Хрысціянскія святыя Флор і Лаўр у народных павер’ях лічыліся заступнікамі коней. У гэты дзень у жывёл быў выхадны: іх уволю кармілі, акраплялі святой вадой, запляталі грывы стракатымі стужкамі, а гаспадыні пяклі печыва ў форме конскага капыта.
Да нашых дзён многія легенды і вераванні, зразумела, не дайшлі, аднак конь па-ранейшаму застаецца адной з любімых жывёл ва ўсім свеце. Конны спорт, конныя клубы для аматараў коней, урокі верхавой язды, іпатэрапія – усё гэта толькі пацвярджае любоў чалавека да гэтай прыгожай жывёлы.
На выставе прапанаваны рэпрадукцыі лепшых твораў сусветнага мастацтва, якія паказваюць вобраз каня ва ўсёй разнастайнасці масцей і відаў прымянення чалавекам. Пародзістыя скакавыя коні, якія імкліва нясуць убраных коннікаў, коні – памочнікі сялян, якія стомлена цягнуцца з гаспадарамі з палёў, жвавыя маленькія поні, якія граюць з дзецьмі, свабодныя коні з трапяткімі грывамі, якія бягуць навыперадкі з ветрам... Гэтыя і многія іншыя вобразы не раз увасаблялі майстры пэндзля і разца, прадстаўнікі розных эпох і стыляў.
Першабытныя людзі кожны дзень сутыкаліся з жывёламі, і гэта дазваляла ім з вялікай доляй натуральнасці адлюстроўваць іх: амаль ва ўсіх пячорах з наскальным жывапісам сустракаюцца малюнкі каня. Экспазіцыя пазнаёміць з рэпрадукцыямі наскальных карцінак і скульптурамі коней, створаных з дзіўнай дакладнасцю і дэталізацыяй. Выстава дазваляе ўбачыць ілюстрацыі велічных старажытнарымскіх конных статуй, а таксама цудоўныя вобразы коней на антычных вазах чорнафігурнага стылю, дзе жывёлы становяцца ўдзельнікамі бітваў грэкаў з амазонкамі.
Неверагоднага майстэрства ў малюнку коней дасягнулі геніі эпохі Рэнесансу. Коні – адзін з любімых вобразаў прадстаўніка ранняга Адраджэння Паала Учэла, які адлюстроўваў жывёл у кульмінацыйныя моманты бітваў і сутыкненняў. Коні ў разнастайных ракурсах і рухах, прапорцыі конскай галавы і капытоў, анатамічныя замалёўкі каня нярэдка сустракаюцца ў накідах Леанарда да Вінчы, рэпрадукцыі якіх экспануюцца на выставе. Немагчыма не захапіцца майстэрствам вялікага Альбрэхта Дзюрэра і яго знакамітага твора “Чатыры вершнікі Апакаліпсісу”, які разам з іншымі гравюрамі з серыі ілюстрацый да “Адкрыцця Іаана Багаслова” (апошняй кнігі Новага Запавету) прынёс мастаку сусветную славу.
У эпоху барока, ракако і класіцызму конь становіцца адной з ключавых фігур палотнаў майстроў і выступае ўжо не проста спадарожнікам, а з’яўляецца нараўне з гаспадаром галоўным удзельнікам карцін, падкрэслівае характар і высокі статус уладальніка. Так, распаўсюджванне атрымалі коні ў сцэнах палявання, а таксама ўрачыстыя конныя партрэты шляхты і манархаў на багата ўпрыгожаных пародзістых конях. Рэпрадукцыі палотнаў Пітэра Паўля Рубенса, Антоніса Ван Дэйка, Дыега Веласкеса, Томаса Гейнсбара, Жака-Луі Давіда, прадстаўленыя на выставе, дазваляюць убачыць коней ва ўсёй красе. Свабодалюбства, упартасць, нораў і неўтаймаванасць коней атрымалася ўвасобіць мастакам-рамантыкам Эжэну Дэлакруа, Тэадору Жэрыко, Джорджу Стабсу, у творах якіх перададзена сутнасць конскага характару.
Коні, іх зменлівыя рухі і ракурсы былі сугучныя прадстаўнікам другой паловы ХІХ і асабліва бурнага і неспакойнага ХХ стагоддзя: кубістам, футурыстам, дадаістам, сюррэалістам... Табун “мадэрнісцкіх” коней імкліва “праносіцца” па зале мастацтва ў рэпрадукцыях карцін Эдгара Дэга, Анры дэ Тулуз-Латрэка, Поля Гагена, Пабла Пікаса і многіх іншых майстроў ХІХ і ХХ стагоддзяў.
Без малюнка коней цяжка ўявіць і рускае мастацтва. “На раллі. Вясна” Аляксея Венецыянава, “Вершніца” Карла Брулова, “Віцязь на ростанях” Віктара Васняцова, “Сакавік” Ісаака Левітана, “Конь ля саней” Валянціна Сярова, “Масленіца” Барыса Кустодзіева, “Купанне чырвонага каня” Кузьмы Пятрова-Водкіна, “Сялянская сям’я” Паўла Філонава... На гэтых і іншых рэпрадукцыях, якія экспануюцца на выставе, коні, нягледзячы на розніцу ў стылях майстроў, заўсёды перададзены імі з цеплынёй і павагай.
Конь – адзін з любімых вобразаў беларускіх мастакоў. Экспазіцыя прапануе цэлую “панараму коней” у творчасці беларусаў Юдэля Пэна, Марка Шагала, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі, Віктара Грамыкі, Гаўрыіла Вашчанкі, Алены Бархатковай, графікаў Яўгена Куліка, Уладзіміра і Міхаіла Басалыгаў, скульптураў Мікалая Байрачнага і Уладзіміра Жбанава... Немагчыма ўявіць выставу без рэпрадукцый галоўных аматараў коней – жывапісца Леаніда Шчамялёва і скульптара Сяргея Бандарэнкі, якія прысвяцілі коням цэлы шэраг твораў.
Дапаўняе экспазіцыю мастацкая літаратура пра коней: “Конёк-горбунок” Пятра Яршова, “Лошадиная фамилия” Антона Чэхава, “Хорошее отношение к лошадям” Уладзіміра Маякоўскага, “Кони привередливые” Уладзіміра Высоцкага, “Приключения Чёрного Красавчика” Ганны Сьюэл, “Конь і сабака” Якуба Коласа, “Саманадзейны конь” Кандрата Крапівы, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча... Уладальнікам коней і ўсім, хто займаецца верхавой яздой, будуць карысныя кнігі па конегадоўлі, а мастакі змогуць даведацца аб сакрэтах малявання гэтых цудоўных жывёл.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.