ГалоўнаяМерапрыемствыБібліятэчная справа: гісторыя і сучаснасць
Запрашаем на творчыя заняткі “Сланечнік”
Свет без войнаў і насілля

Бібліятэчная справа: гісторыя і сучаснасць

Бібліятэчная справа: гісторыя і сучаснасць
Іншыя Мерапрыемствы
14 верасня – 5 снежня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавая галерэя (2-гі паверх)
Месца правядзення

З 14 верасня ў кальцавой галерэі 2-га паверха працуе выстава “Бібліятэчная справа: гісторыя і сучаснасць”, прымеркаваная да Дня бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня.

Са старажытных часоў бібліятэкі лічыліся храмамі інтэлектуальнага і духоўнага развіцця чалавецтва, сховішчамі ўнікальных ведаў. На іх будаўніцтва і дэкор траціліся вялізныя сродкі – у ход ішлі творы лепшых мастакоў, разьбяроў і скульптараў.

Сучасныя бібліятэкі – гэта і скарбніцы рукапісных і кніжных помнікаў, і сацыяльныя інстытуты, якія аб’ядноўваюць людзей розных суполак і ўзростаў у імкненні набыць якасныя веды. Гэта таксама і культурныя цэнтры, якія дапамагаюць з густам правесці вольны час, дакрануцца да мастацкай, літаратурнай і музычнай творчасці.

Да свайго прафесійнага свята Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала тэматычную выставу “Бібліятэчная справа: гісторыя і сучаснасць”. Экспазіцыя ўключае каля 60 кніг і часопісаў, выдадзеных у Беларусі і за яе межамі.

Сярод іх – навуковыя і вучэбныя дапаможнікі па гісторыі бібліятэк, бібліятэчным заканадаўстве, кіраванні, сацыялагічных і навуковых даследаваннях, інавацыях у бібліятэчна-бібліяграфічным абслугоўванні чытачоў, міжбібліятэчным узаемадзеянні. Частка выданняў прысвечана вядомым людзям у галіне бібліятэчнай справы.

У шэрагу кніг распавядаецца пра гісторыю ўзнікнення найбуйнейшых бібліятэк Беларусі і Расіі, аналізуецца дзейнасць нацыянальных бібліятэк краін СНД. Пра гісторыю самых знакамітых бібліятэк свету можна таксама даведацца ў французскіх выданнях “The most beautiful libraries of the world”.

Прадстаўленая літаратура раскрывае такія тэмы, як роля бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве, захаванне традыцый і развіццё новых тэхналогій, інавацыі і праектная дзейнасць у бібліятэках. Вялікую цікавасць уяўляюць практычныя дапаможнікі апошніх гадоў выдання: “Творческий блокнот библиотекаря”, “Интерактивные и мультимедийные технологии продвижения чтения”, “Управление проектами в библиотечно-информационной деятельности”, “Библиотека, в которой интересно”, “Кейсбук лучших библиотечных проектов начала тысячелетия” і інш.

Экспазіцыя будзе цікава бібліятэкарам, педагогам, музейшчыкам і іншым работнікам сферы культуры і адукацыі, якіх цікавіць стан і перспектывы развіцця бібліятэк як сацыяльных інстытуцый па развіцці і выхаванні грамадзян, а таксама чытачам усіх узростаў.


Выстава працуе з 14 верасня па 5 снежня 2023 года ў кальцавой галерэі 2-га паверха.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.



Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты