ГалоўнаяМерапрыемствыЧараўнік з краіны маленства
Размова з адвакатам аб асноўных зменах у Кодэксе аб адукацыі
Запрашаем на творчыя заняткі "Домік для птушачак"

Чараўнік з краіны маленства

Чараўнік з краіны маленства
Іншыя мерапрыемствы
10 мая – 15 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавая галерэя (3-ці паверх)
Месца правядзення

Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Чараўнік з краіны маленства”, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, працуе з 10 мая 2023 г. па 15 сакавіка 2024 г. у кальцавой галерэі 3-га паверха.

Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (1883–1971), вядомага пісьменніка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Яго творы і сёння працягваюць паланіць сэрцы сучасных хлопчыкаў  і дзяўчынак. Яны вабяць рамантыкай прыгод і падарожжаў, шчырасцю і праўдзівасцю аповеду, маляўнічым апісаннем прыроды экзатычных краін і роднага Палесся.

На выстаўцы прадстаўлена каля 100 дакументаў. Педагог, рамантык, чараўнік, мысліцель, гуманіст, вандроўнік, шукальнік, чалавек з крылатай фантазіяй – такія грані творчага партрэта Янкі Маўра раскрываюцца ў экспазіцыі праз кніжныя выданні, часопісныя публікацыі, энцыклапедычныя і навукова-папулярныя выданні, а таксама ілюстрацыйны матэрыял з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Пачынаецца выстаўка з раздзела “Педагог. Вандроўнік. Летуценнік”. Цэнтральнае месца ў ім адведзена адзінаму аўтабіяграфічнаму твору Янкі Маўра – аповесці “Шлях з цемры” (1920–1957), над якой ён працаваў амаль тры дзесяцігоддзі і намагаўся распавесці пра перыпетыі свайго жыцця.

Вельмі важнай старонкай біяграфіі Янкі Маўра з’яўляецца жыццё ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Суровы час адлюстроўваюць старонкі дзённіка і лісты пісьменніка да сяброў-літаратараў. У экспазіцыі прадстаўлена часопісная публікацыя А. Лысенкі “Янка Мавр: «Мне кажется, мы все будем другими…»”. Пасля вяртання ў вызвалены Мінск пранізлівым болем вайна ўваходзіць у апавяданні пісьменніка. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэння кнігі ўспамінаў дзяцей, што перажылі вайну. Кніга “Ніколі не забудзем”, рэдактарам якой быў Янка Маўр, выйшла ў 1948 г. і атрымала высокую ацэнку грамадскасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ад гэтай кнігі пачынаецца развіццё дакументальнай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну.

Значная частка экспазіцыі прысвечана творчай спадчыне Янкі Маўра. На выстаўцы можна пабачыць выданні яго твораў розных жанраў – рамана, аповесцей, апавяданняў: “Чалавек ідзе” (1927), “Сын вады: аповесць з жыцця на Вогненнай Зямлі” (1928), “У краіне райскай птушкі” (1928), “Амок” (1930), “Пекла” (1929), “Палескія Рабінзоны” (1930), “Слёзы Тубі” (1930), “Аповесць будучых дзён” (1932),  “ТВТ” (1934),  “Вакол свету” (1947),  “Цётка Эмілія” (1954). Прадстаўлены пераклады на беларускую мову асобных твораў Д. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, Х.К. Андэрсена, М. Твэна і інш., а таксама пераклады твораў Янкі Маўра на рускую, казахскую і інш. мовы. Асаблівую цікавасць уяўляюць кнігі з аўтографам “у скарбніцу нашу, Беларускую дзяржаўную бібліятэку імя Леніна – ад аўтара”.

Пра ўзнагароды і ўвекавечанне памяці Янкі Маўра сведчаць арыгінальныя дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Гэта пастановы Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў  БССР аб прысуджэнні звання заслужанага дзеяча культуры БССР (1968), уганараванні Дзяржаўнай прэміяй БССР (1972, пасмяротна) і інш.

Кожны раздзел праілюстраваны матэрыяламі з сямейнага архіва пісьменніка. Сярод адметнасцей выстаўкі – мемарыяльныя рэчы Янкі Маўра: пісьмовы набор, шахматы, гальштук, калекцыя марак з лістоў і паштовак ад эсперантыстаў з усяго свету. Дапаўняюць і ўзбагачаюць выяўленчы матэрыял лічбавыя копіі важных дакументаў, аўтографаў, фотаздымкаў, якія даюць больш поўнае ўяўленне пра асобу пісьменніка.

Навігатарам па экспазіцыі з’яўляюцца словы-ўспаміны блізкіх і сяброў Івана Фёдаравіча, што раскрываюць розныя грані яго характару, пэўныя жыццёвыя сітуацыі і цікавыя здарэнні. Кожны чытач і наведвальнік бібліятэкі мае магчымасць адчуць “аўру Маўра” і прысвяціць свой адпачынак знаёмству з добрай, шчырай і праўдзівай кнігай аўтара – чараўніка і вандроўніка.


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Чытайце таксама:
Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам: праект да 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам