ГалоўнаяМерапрыемствыЗ казкай па жыцці
Дзіцячы пакой запрашае на заняткі па пластылінаграфіі
“Цікава пачытаць”: заняткі па кнізе “Зайкины зимние сказки”

З казкай па жыцці

З казкай па жыцці
Іншыя мерапрыемствы
20 студзеня – 30 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавая галерэя (3-ці паверх)
Месца правядзення

З 20 студзеня па 30 красавіка ў кальцавой галерэі 3-га паверха працуе кніжна-мастацкая выстаўка “З казкай па жыцці”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Алены Георгіеўны Лось (1933–2013), вядомага ў Беларусі і за межамі краіны кніжнага ілюстратара, станковага графіка.

З імем Алены Лось звязана залатое дзесяцігоддзе беларускай кніжнай ілюстрацыі (1970-ыя гг.). Яе работы ўвайшлі ў другі том энцыклапедыі “Советская книжная иллюстрация”, дзе былі прэзентаваны найлепшыя ілюстратары савецкага часу.

Мастачка пакінула нам багатую творчую спадчыну. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца каля 200 выданняў, аздобленых Аленай Лось, і каля 40 эстампаў. Прадстаўленыя на выстаўцы дакументы адлюстроўваюць адну з галоўных асаблівасцей яе творчасці: для дзяцей большасць яе твораў – казачная праўда, а для дарослых – нязгаснае святло самога дзяцінства. У асабістым жыцці мастачкі было багата смутку і трагізму, аднак казка – народная і літаратурная творчасць – былі яе надзейнымі спадарожнікамі і ўратавальнікамі ад скрушлівай будзённасці.

У першым раздзеле кніжнай экспазіцыі пададзены асноўныя грані таленту мастачкі. Акрамя кніжнай графікі, на працягу ўсяго творчага шляху Алена Лось захоплена працавала над нацюрмортамі (тэмпера, масла), дзе яна праявілася як выдатны каларыст. Таксама ў яе быў любімы занятак: Алена Лось стварала лялек з таўкачоў для бульбы і лічыла, што менавіта яны дораць ёй творчы настрой і натхненне, праганяюць смутак. Серыя лялек “Паненкі” стваралася ёю ў перыяд з 1997 па 2000-я гг. Сёння іх можна знайсці ў прыватных калекцыях мастакоў, пісьменнікаў, музейшчыкаў, бібліятэкараў – усіх, хто некалі завітаў на творчую выспу Алены Лось. Адна з такіх лялек прадстаўлена на выстаўцы.

У першай вітрыне экспануецца сапраўдны рарытэт – першая кніга, аформленая Аленай Лось, – “С добрым утром” Г. Шманя (1958). Таксама выданні, аздобленыя мастачкай сумесна з мастаком і мужам Гары Якубенем. Сярод іх – казка «Каза-манюка», першая ілюстраваная кніжка творчага дуэта (1961), паэтычныя зборнікі У. Караткевіча, М. Танка, Я. Пушчы і інш. Экспрэсіўнасць вобразаў уласціва творчай манеры Гары Якубені, а ў лініях малюнкаў і стрыманым каларыце адчувалася рука Алены Лось. Вылучаецца ў іх творчым тандэме афармленне казкі “Залатая яблынька” (1962). Мастакі аформілі пераплёт, тытул, выканалі 17 ілюстрацый у новай для іх тэхніцы – лінарыце, падфарбаваным гуашшу. Са старонак непаўторнымі галасамі “загаварылі” палескія краявіды і хаты, а сялянскае адзенне папоўнілася адметнымі строямі. Заслугоўвае ўвагі тое, што да гэтага твора мастачка звернецца яшчэ праз 10 гадоў. На падставе гэтых ілюстрацый была створана серыя літаграфій для дзіцячых садкоў па беларускіх народных казках “Разумная дачка”, “Залатая яблынька”, “Андрэй за ўсіх мудрэй”, “Ох і залатая табакерка” і інш., частка з якіх прадстаўлена ў мастацкай экспазіцыі.

Alena-Los-4.jpg

У шэрагу адметных выданняў выстаўкі – кніга “Дзесяць дзён у Барку” (1984). Па-першае, аўтарам апавяданняў, змешчаных побач з ілюстрацыямі, з’яўляецца сама мастачка. Матэрыял, сабраны ёй падчас вандровак у вёску Млынок, што стаіць на беразе Прыпяці, і лёг у аснову кнігі. Па-другое, кніга ўражвае сваім колеравым рашэннем. Яна стрыманая і, разам з тым, багатая на розныя адценні. Самая галоўная каштоўнасць гэтай кнігі – яе паэтычная, узнёслая праўдзівасць у паказе жыцця палескай вёскі.

За дзесяцігоддзі творчага служэння беларускай кнізе А. Лось аздобіла цэлую бібліятэчку самых розных выданняў. На выстаўцы гэтыя выданні прадстаўлены ў раздзелах “Народныя казкі на мальберце” і “Літаратурныя казкі на мальберце”, а менавіта: кніжка Алеся Якімовіча “Вераб’ёвы госці” (1960), зборнікі казак “Ох і залатая табакерка” (1967), “З рога ўсяго многа” (1968), Васіля Віткі “Дударык” (1965), Змітрака Бядулі “Скарб” (1966), Авяр’яна Дзеружынскага “Кую-кую ножку” (1967), Якуба Коласа “Савось-проказник” (1980), “Слова пра паход Ігаравы” (1986), Францішка Багушэвіча “Каму дудка паслушна” (1990), “Калыханкі” (1995) і інш.

У мастацкай экспазіцыі прадстаўлены эстампы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі: работы Алены Лось да беларускіх і рускіх народных казак, твораў Карнея Чукоўскага і Агніі Барто, створаныя ў перыяд 1970–1980-х гг.

Графічнаму “почырку” Алены Георгіеўны ўласціва яскравая маляўнічасць, сакавітасць фарб, прыўзнятая мажорнасць эмацыянальнага настрою. Ва ўсім адчуваецца казачнасць, жыццёвасць і ў той жа час абагульненне, жаданне ўвасобіць наваколле светлым і радасным. Дзеці выяўляюцца ў арганічным адзінстве з прыродай, жывёльным светам. Яна месцамі ўмоўна стылізуе вобразы дзяцей, жывёл, птушак. Маленькія героі свядома дадзены буйным планам, набліжаны да гледача, што падкрэслівае іх “партрэтнасць”.

Экспазіцыя, якая будзе цікавая шырокаму колу чытачоў, дазваляе адчуць, што дзіцячая кніга давала магчымасць мастачцы паглыбіцца ў казачны свет, бясконца фантазіраваць і гуляць з героямі, іх знешнім выглядам, абставінамі існавання. Творы Алены Лось, напоўненыя незвычайным хараством і цеплынёй, і сёння прыцягваюць увагу маленькіх чытачоў.


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам