ГалоўнаяМерапрыемствыЖывая стыхія творчасці
Запрашаем на музейныя чытанні “Сустрэча з казкай”
Грамадства для ўсіх узростаў

Жывая стыхія творчасці

Жывая стыхія творчасці
Іншыя мерапрыемствы
1 кастрычніка – 3 лістапада
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

З 1 кастрычніка па 3 лістапада ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Жывая стыхія творчасці”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Мікалаевіча Пташнікава (1932–2016).

Іван Пташнікаў – адзін з найбольш цікавых, самабытных празаікаў беларускай літаратуры, таленавіты і яркі прадстаўнік свайго пакалення, пакалення дзяцей вайны. Чароўны свет прыроды, жыццё людзей, іх праца, побыт, узаемаадносіны, барацьба за незалежнасць і аднаўленне роднага краю, мужнасць і шчодрасць душы – усё гэта фарміравала духоўны свет пісьменніка, яго творчую натуру. Раманы, аповесці і апавяданні Івана Пташнікава набылі шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Сярод сучасных беларускіх празаікаў ён вылучаецца адданасцю вясковай тэме. Лёс вясковага чалавека на розных жыццёвых дарогах, яго характар, грамадзянская і сацыяльная значнасць застаюцца ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з літаратурнай спадчынай аўтара, прысвечанай гэтай тэме: раманамі “Чакай у далёкіх Грынях”, “Мсціжы”, “Алімпіяда”.

Важнае месца ў творчасці І. Пташнікава належыць і вайне. Жахі і боль ваеннага ліхалецця назаўсёды ўвайшлі ў яго памяць. Менавіта таму вайна, час аднаўлення роднага краю раскрываюцца ў творах пісьменніка глыбока і праўдзіва, абвострана і трагічна, эмацыянальна і напружана: аповесці “Лонва”, “Тартак”, “Найдорф”, апавяданні “Алёшка”, “Алені”, “Бежанка” і інш.

На паліцах прадстаўлена першая кніга пісьменніка “Зерне падае не на камень”, якая выйшла у 1959 годзе, зборнікі яго твораў і кнігі выбраных твораў, выдадзеныя ў розныя часы. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з апавяданнем І. Пташнікава “Львы” – першым у беларускай прозе творам пра чарнобыльскую трагедыю.

Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны перакладам твораў пісьменніка на рускую, украінскую, польскую, англійскую, балгарскую і іншыя мовы свету.

Апошняя частка экспазіцыі знаёміць з публікацыямі, змешчанымі ў энцыклапедычных выданнях, кнігамі і артыкуламі пра жыццё і творчасць І. Пташнікава.


Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам