ГалоўнаяМерапрыемствыМАГАТЭ: учора, сёння, заўтра
Запрашаем на творчыя заняткі “Грыбная палянка”
Запрашаем на творчыя заняткі па пластылінаграфіі

МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра

МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра
Іншыя Мерапрыемствы
21 ліпеня – 30 жніўня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
207g
Месца правядзення

З 21 ліпеня па 30 жніўня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстава “МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра”, прысвечаная 65-годдзю стварэння Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.

Прапанаваная чытачам выстава налічвае каля 80 дакументаў на рускай і англійскай мовах. Гэта кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні, буклеты. Экспанаты пазнаёмяць чытача з дзейнасцю Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і іншых міжнародных арганізацый, накіраванай на забеспячэнне бяспечнага, надзейнага і мірнага выкарыстання ядзерных тэхналогій.

Прадстаўленыя на выставе матэрыялы знаёмяць з гісторыяй стварэння агенцтва, яго структурай і асноўнымі этапамі развіцця, а таксама з дагаворна-прававой базай супрацоўніцтва МАГАТЭ і Рэспублікі Беларусь.

Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы МАГАТЭ – гадавыя справаздачы аб дзейнасці арганізацыі, рэзалюцыі і рашэнні Генеральнай канферэнцыі і Савета кіраўнікоў, даклады аб тэхнічным супрацоўніцтве, штогадовыя агляды і ацэнкі ядзернай бяспекі і інш.

Сярод прадстаўленых на выставе кніг – зборнікі міжнародна-прававых дакументаў і нацыянальных заканадаўчых актаў па пытаннях ядзернай энергетыкі, манаграфіі, даведнікі, зборнікі навуковых артыкулаў па ядзернай бяспецы і інш.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Гісторыя стварэння, мэты і функцыі МАГАТЭ
  • Забеспячэнне надзейнага і мірнага выкарыстання ядзерных тэхналогій: патрабаванні МАГАТЭ і інструкцыі па бяспецы
  • Нарматыўна-прававыя дакументы МАГАТЭ
  • Навуковыя праграмы МАГАТЭ
  • Дзейнасць МАГАТЭ ў галіне тэхнічнай дапамогі і супрацоўніцтва
  • Рэспубліка Беларусь і МАГАТЭ

Выстава будзе цікавая спецыялістам у галіне раззбраення і бяспекі, атамнай энергетыкі, міжнародных адносін, інжынерна-тэхнічным работнікам, эколагам, палітолагам, сацыёлагам, а таксама студэнтам, аспірантам і выкладчыкам ВНУ.

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) з'яўляецца вядучай сусветнай міжурадавай арганізацыяй па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў ядзернай сферы. Яго дзейнасць накіравана на бяспечнае прымяненне ядзернай навукі і тэхналогій у мірных мэтах, спрыяе падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі і дасягненню мэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне ўстойлівага развіцця.

Афіцыйнай датай стварэння агенцтва лічыцца 29 ліпеня 1957 года – дзень, калі ўступіў у сілу яго статут. Сёння членамі МАГАТЭ з'яўляюцца 175 дзяржаў. Штаб-кватэра арганізацыі размешчана ў Вене.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі з моманту яго стварэння. Беларусь мае развітую дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва з агенцтвам. Наша краіна – удзельнік пераважнай большасці міжнародных канвенцый, заключаных пад эгідай МАГАТЭ, уключаючы Канвенцыю аб ядзернай бяспецы, Канвенцыю аб аператыўнай абвестцы аб ядзернай аварыі, Канвенцыю аб дапамозе ў выпадку ядзернай аварыі або радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі і інш. Паміж Беларуссю і МАГАТЭ заключана пагадненне аб прымяненні гарантый у сувязі з Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, у адпаведнасці з якім на тэрыторыі Беларусі праводзяцца рэгулярныя інспекцыі МАГАТЭ.

Карысныя спасылкі

Дакументы і публікацыі

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 26.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Моладзь: дыялог і ўзаемаразуменне

11.08.2022

З 11 жніўня па 19 верасня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Моладзь: дыялог і ўзаемаразуменне”, прысвечаная Міжнароднаму дню моладзі.

Фотавыстава “ЕЭК – 10 гадоў для грамадзян краін Еўразійскага эканамічнага саюза”

09.08.2022

З 9 жніўня ў кальцавой галерэі 2-га паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дэманструецца перасоўная фотавыстава “ЕЭК – 10 гадоў для грамадзян краін Еўразійскага эканамічнага саюза”.



Бібліятэкарам