ГалоўнаяМерапрыемствыЖыццелюбівы фламандзец
Цеплыня лазы: у бібліятэцы пройдзе майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве
Музычны свет Генрыха Вагнера

Жыццелюбівы фламандзец

Жыццелюбівы фламандзец
Іншыя мерапрыемствы
17 чэрвеня – 28 жніўня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 17 чэрвеня па 28 жніўня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “Жыццелюбівы фламандзец”, прысвечаная 445-годдзю з дня нараджэння выдатнага мастака, яркага прадстаўніка стылю барока, заснавальніка фламандскай школы жывапісу Пітэра Паўля Рубенса (1577–1640).

Аўтар маштабных работ на міфалагічныя, алегарычныя, гістарычныя і рэлігійныя тэмы, найярчэйшы партрэтыст, таленавіты малявальшчык, майстар пейзажу, стваральнік алтарных кампазіцый, Рубенс пакінуў грандыёзную спадчыну, якая настолькі вялікая, што да нашага часу да канца не вывучана і патрабуе аб’яднання цэлай групы спецыялістаў. Невыпадкова мастак-рамантык Эжэн Дэлакруа называў калегу “Гамерам жывапісу” за яго невычэрпную фантазію, разнастайнасць тэм і вобразаў.

Па сведчанні сучаснікаў, Рубенс быў бліскуча адукаваны, свабодна валодаў некалькімі мовамі, высокай культурай, прыроднай тактоўнасцю і абаяннем, меў востры розум. У далейшым гэтыя якасці дапамаглі мастаку зрабіць паспяховую дыпламатычную кар’еру. Жыццё вялікага фламандца было яркім і насычаным, лёс відавочна спрыяў яму: заступніцтва манархаў, буйныя творчыя заказы, усеагульная павага і слава пры жыцці, выхаванне адораных вучняў і найшырэйшая вядомасць яго майстэрні... “Ён настолькі любімы Фартунай, што пераўзыходзіць усіх мастакоў нашага часу пашанай і багаццем”, – пісаў Ян Брэйгель. Захапленне шчасцем і жыццялюбства, цёплыя насычаныя фарбы, рэзкія кантрасты святла і ценю, складаныя ракурсы, пышныя жаночыя фігуры, эмацыянальна зараджаная атмасфера характарызуюць яркі рубенсаўскі стыль, які паўплываў на многіх выдатных майстроў, у тым ліку Вато, Дэлакруа, Рэнуара.

На выставе прадстаўлены рэпрадукцыі лепшых карцін Рубенса рознай тэматыкі з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Заслугоўваюць увагі яго палотны, створаныя на евангельскія сюжэты, па якіх можна прасачыць жыццё Хрыста: “Пакланенне вешчуноў”, “Святое сямейства пад яблыняй”, “Уваскрашэнне Лазара”, “Пір у Сімона Фарысея”, “Зняцце з крыжа” і іншыя. Яркае ўражанне пакінуць творы, якія дэманструюць міфалагічныя сюжэты – упадабаную тэматыку Рубенса. Сярод іх – “Саюз Зямлі і Вады”, “Тры грацыі”, “Персей і Андрамеда”, “Венера і Аданіс”, “Вакх”, “Вірсавія”, “Выкраданне дачок Леўкіпа”, “Меркурый і Аргус”. У іх мастак уклаў усю сваю любоў да жыцця, увасобіў трыумф прыгажосці, адлюстраваў магутных герояў легенд і міфаў, знакамітых “рубенсаўскіх жанчын”, якія ўвасабляюць багацце прыроды і зямных даброт. Перад наведвальнікамі паўстануць найскладанейшыя шматфігурныя кампазіцыі “Паляванне на дзіка”, “Паляванне на львоў”, якія паказваюць сутычкі людзей з дзікімі жывёламі. Мастак пісаў іх, “іграючы на пачуццях гледачоў і казычучы іх нервы”.

Рубенс быў цудоўным партрэтыстам і стварыў цэлую галерэю партрэтаў прадстаўнікоў заходнееўрапейскай знаці XVII стагоддзя: герцага Мантуанскага, іспанскага караля Філіпа IV, французскіх каралёў Генрыха IV і Людовіка XIII, Марыі Медычы. Партрэтны жывапіс мастака больш стрыманы і рэалістычны, у ім ёсць строгасць і веліч каранаваных асоб, але ў выявах блізкіх людзей адчуваецца цеплыня і шчырасць. Не пакінуць абыякавымі дзіцячыя партрэты Рубенса, шматлікія выявы жонак жывапісца – рана памерлай Ізабелы Брант і Алены Фоўрмен, застанецца ў памяці чароўнасць камерысткі інфанты Ізабелы, уразіць пранізлівы погляд францысканскага манаха. Пільную ўвагу надаваў жывапісец пейзажным фонам сваіх палотнаў, пакінуў мноства эскізаў і эцюдаў сельскай фламандскай прыроды. Прадстаўленыя ў экспазіцыі светлыя “Пейзаж з вясёлкай” і “Пейзаж з ручаём”, святочны “Сад кахання”, змрочныя і філасофскія “Возчыкі камянёў” дазволяць ацаніць талент Рубенса-пейзажыста.

Дапаўняе выставу разнастайная літаратура пра Рубенса, выдадзеная з другой паловы 1870-х гг. да нашых дзён. Гэта шматлікія даследаванні творчасці майстра і вучняў яго школы, напісаныя аўтарытэтнымі мастацтвазнаўцамі В. Раздольскай, М. Лебядзянскім, Н. Смольскай, М. Варшаўскай, Мары-Ан Лекурэ. Асаблівую каштоўнасць мае фундаментальная праца аб жыцці і творчасці мастака “Erinnerungen aus Rubens” (1898), створаная класікам мастацтвазнаўства Я. Буркхартам. Не менш каштоўны збор лістоў Рубенса, яго дакументаў і меркаванняў сучаснікаў пра яго, якія дапамогуць разгадаць асобу вялікага фламандца.


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам