ГалоўнаяМерапрыемствыСтаражытныя гарады Беларусі
Гістарычная памяць у публікацыях беларускіх навукоўцаў
Запрашаем на музейныя заняткі “Васковыя таблічкі”

Старажытныя гарады Беларусі

Старажытныя гарады Беларусі
Іншыя мерапрыемствы
24 студзеня – 15 чэрвеня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
кальцавы калідор (3-ці паверх)
Месца правядзення

Кніжная выстава “Старажытныя гарады Беларусі”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці, працуе з 24 студзеня ў кальцавой галерэі 3-га паверха.

Гарады зямлі беларускай… У кожнага з іх свой непаўторны твар, свой лёс, здабыткі і страты. Адны славяцца старажытным мінулым, выключнай роллю ў канкрэтных гістарычных падзеях, другія – архітэктурнымі помнікамі і сучаснымі збудаваннямі, трэція – дасягненнямі ў эканамічным развіцці краіны, маладосцю…

Як і людзі, гарады нараджаюцца, растуць, дасягаюць пэўнага росквіту, потым старэюць, а часам і знікаюць. Першыя гарады на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў IX –XIV стст. У X ст. існавалі ўжо Полацк і Тураў, а ў дакументах XI ст. упамінаюцца Брэст, Мінск, Пінск, Віцебск. У XII ст. – Барысаў, Гомель, Мсціслаў, Рагачоў, Слуцк. На пачатку ХХ ст. у Беларусі было ўсяго 44 гарады, а ў 1941 г. – ужо 65. Цяпер у нашай краіне налічваецца 113 гарадоў. З дапамогай выставы наведвальнік атрымае магчымасць здзейсніць своеасаблівае падарожжа па старажытных гарадах, а таксама тых, якія сёлета адзначаць свае юбілеі, ад самых старажытных да маладых. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 150 экспанатаў.

Адкрывае выставу найлепшы навігатар па беларускіх землях свайго часу – факсіміле знакамітай Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага (1648). Яна з’яўляецца першай дакладнай картай краіны, на якой пазначаны 1039 населеных пунктаў, у тым ліку 342 на тэрыторыі Беларусі. Аўтарамі шэдэўра сталі Тамаш Макоўскі, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы, а таксама Гесэль Герытс – галандскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома Блаў.

Паўнавартаснае ўяўленне аб агульных відах гарадоў з вышыні птушынага палёту, іх адметнасцях – храмах, плошчах, будынках тэатраў, вакзалаў, жывапісных відарысах вуліц і наваколля, святочным і паўсядзённым жыцці, а таксама культуры мясцовых жыхароў даюць арыгінальныя паштоўкі канца XIX – пачатку XX ст.

Каштоўнасць экспазіцыі дадаюць выданні прац даследчыкаў гарадоў і помнікаў старажытнай культуры. Сярод іх – адметная постаць гісторыка, археографа і краязнаўца А.П. Сапунова. Дэманструюцца сабраныя ім зборнікі дакументаў па гісторыі Віцебшчыны XI–XIX стст.: "Река Западная Двина" (1893) і "Памятная книжка Витебской губернии" (1902) з уладальніцкай пазнакай бібліятэкі А.П. Сапунова.

Цікавасць выклікае выданне "Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам" (1848) з экслібрысам К.Э. Чапскага, мінскага гарадскога галавы ў 1890–1901 гг.

Прадстаўленыя на выставе гісторыка-краязнаўчыя экскурсы, навуковыя працы, гістарычныя нарысы, навукова-папулярныя выданні яскрава сведчаць, што старажытныя гарады Беларусі прайшлі няпросты шлях гістарычнага развіцця ў складзе розных дзяржаўных утварэнняў, іх жыхары стварылі і захавалі для нашчадкаў значную культурную спадчыну, вядомыя постаці – ураджэнцы гэтых мясцін – праславілі справамі сваю малую радзіму.

Экспазіцыю дапаўняюць багата ілюстраваныя альбомы, юбілейныя выданні.


Запрашаем наведаць выставу да 15 чэрвеня 2022 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Глядзіце рэпартаж телеканала "Беларусь 1" пра выстаўку.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам