ГалоўнаяМерапрыемствыПаэзіі святло зямное
“Цікава пачытаць”: кніга Вольгі Нікольскай “Фей па імені Свецік”
Небасхіл паэзіі Алеся Каско

Паэзіі святло зямное

Паэзіі святло зямное
Іншыя мерапрыемствы
17 лістапада – 4 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

З 17 лістапада 2021 г. па 4 студзеня 2022 г. у зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Паэзіі святло зямное”, прысвечаная 90-годдзю беларускага паэта, драматурга, публіцыста, крытыка, перакладчыка Анатоля Ільіча Вярцінскага.

Імя Анатоля Вярцінскага даўно і па праву займае трывалае месца ў шэрагу вядучых беларускіх паэтаў. Высокія маральныя крытэрыі, глыбокі аналітызм, далучанасць да балючых праблем нацыянальнай гісторыі і няпростых пытанняў сучаснасці забяспечваюць паэзіі А. Вярцінскага нязменную чытацкую ўвагу. Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае “вечныя” праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць.

На выставе прадстаўлены шматлікія паэтычныя зборнікі А. Вярцінскага розных гадоў напісання: “Песня пра хлеб”, “Тры цішыні”, “Чалавечы знак”, “Час першых зорак”, “Ветрана”, “Святло зямное” і інш. Шчырыя, прачулыя радкі прысвяціў А. Вярцінскі маці. Паэмы “Заазер’е” і “Дажынкі” – сыноўні гімн паэта. Яго артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, дыялогі і інтэрв’ю сабраны ў кнігах “Высокае неба ідэала” і “Нью-Йоркская сірэна”, якія таксама экспануюцца. Плённа працаваў пісьменнік і ў жанры драматургіі. П’есы-казкі для дзяцей “Дзякуй, вялікі дзякуй!”, “Скажы сваё імя, салдат” з поспехам былі пастаўлены на сцэнах беларускіх тэатраў.

Пяру Вярцінскага належаць шматлікія пераклады паэзіі з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай моў. Па яго перакладах пастаўлены спектаклі па п’есах “Безыменная зорка” М. Себасцьяна, “Раба свайго кахання” Лопе дэ Вега і інш.

Дапаўняюць экспазіцыю публікацыі пра жыццё і творчасць паэта, змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях, кнігах, літаратурна-крытычных артыкулах.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам