ГалоўнаяМерапрыемствыВыпрабаванне вернасцю
Выніковае мерапрыемства рэспубліканскага анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”
За архіўным парогам

Выпрабаванне вернасцю

Выпрабаванне вернасцю
Іншыя мерапрыемствы
19 сакавіка – 28 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

Да 75-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы Валянціны Коўтун у зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 19 сакавіка па 28 красавіка праходзіць выстаўка “Выпрабаванне вернасцю”.

Імя Валянціны Коўтун (1946–2011) увайшло ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1960-х гадоў і стала адным са знакавых у яе гісторыі. Арыгінальная, самабытная, адметная сваім афарыстычным мысленнем і смелай запамінальнай вобразнасцю.

Трываласць памяці пра пісьменніцу ўгрунтавана яе таленавітымі творамі. Сутнасць яе лірыкі – маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. У полі зроку В. Коўтун – тэма бацькаўшчыны і тэма гісторыі як катэгорыі месца і часу. Радзіма для паэтэсы – найперш куток дзяцінства, куды яна вяртаецца зноў і зноў. На выстаўцы прадстаўлены кнігі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы”, “На ўзлёце дня”, “Метраном”, “Лісты да цябе”, “Свяча любові”, паэтычныя зборнікі для дзяцей “Мы робім казку”, “Вясёлы заасад” і інш.

В.М. Коўтун – аўтар шэрагу празаічных твораў. Да ўвагі наведвальнікаў – кніга апавяданняў “Калінавая гронка залатая”, у якой пісьменніца праявіла сябе як майстар псіхалагічна-побытавага, рэалістычна аб’ектываванага пісьма. Прыкметнай падзеяй у сучаснай літаратуры стаў раман “Пакліканыя”, прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай.

Амаль пятнаццаць творчых гадоў Валянціна Міхайлаўна аддала галоўнай кнізе свайго жыцця. “Крыж міласэрнасці” – інтэлектуальна-філасофскі раман-дылогія, прысвечаны жыццю і дзейнасці выдатнай беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Постаць А. Пашкевіч– цэнтральны вобраз усёй творчасці В. Коўтун. Да поўнага разумення і ўвасаблення гэтага вобраза пісьменніца ішла паступова. Спачатку былі вершы, потым паэмы “На зломе маланкі” і “Суд Алаізы”. “Крыж міласэрнасці” – кніга тэматычна багатая, аднолькава дакументальная і мастацкая. Твор незвычайны па жанры, наватарскі. У 1989–1990 гг. на экраны выйшаў аднайменны мастацкі фільм.

Даследчыцкаму пяру Валянціны Міхайлаўны належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры, народнай творчасці, сярод якіх “Святло народнага слова: паэтычны лад беларускай народнай песні”, “Крыніца паэзіі: на шляхах эпізацыі”, шматлікія артыкулы пра творчасць М. Танка, Н. Гілевіча, І. Мележа і інш. Асаблівай увагі патрабуюць яе цудоўныя пераклады з літоўскай, рускай, украінскай і іншых моў.

Дапаўняе экспазіцыю літаратура пра жыццёвы і творчы шлях В.М. Коўтун.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам