ГалоўнаяМерапрыемствыДа Дня праваслаўнай кнігі і 440-годдзя Астрожскай Бібліі
Круглы стол “Аляксей Сапуноў: спадчына збіральніка Віцебскай даўніны”
Размова з адвакатам аб асаблівасцях прававых адносін у садаводчых таварыствах

Да Дня праваслаўнай кнігі і 440-годдзя Астрожскай Бібліі

Да Дня праваслаўнай кнігі і 440-годдзя Астрожскай Бібліі
Іншыя мерапрыемствы
12–31 сакавіка
Дата правядзення
10.00–18.00
Час правядзення
пам. 348
Месца правядзення

14 сакавіка Беларуская праваслаўная царква адзначае Дзень праваслаўнай кнігі, які прымеркаваны да выдання першай датаванай друкаванай кнігі Івана Фёдарава "Апостал" (1 сакавіка 1564 г.). Мэта свята – нагадаць аб значнасці кнігі ў жыцці кожнага з нас. Самай значнай і запатрабаванай, перакладаемай кнігай ўсіх часоў, вядома, з’яўляецца Біблія.

Сёлета сваё 440-годдзе з дня выхаду ў свет адзначае першы поўны і лепшы для свайго часу пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову – Астрожская Біблія.

Кніга была надрукавана Іванам Фёдаравым у Астрогу ў 1581 г. па ініцыятыве і на сродкі князя Канстанціна Астрожскага па благаславенні ігумена Іова Дубенскага.

Астрожская Біблія складаецца з 76 кніг Старога і Новага Запаветаў. Прадмова складзена рэктарам Астрожскай акадэміі Герасімам Сматрыцкім. Сярод крыніц, выкарыстаных для перакладу некаторых частак, узгадваюць пераклады і працы Францыска Скарыны.

Фаліянт аб’ёмам у 1 256 старонак быў выдадзены немалым па тым часе тыражом у 1000–1500 асобнікаў. Працэсам друкавання кіраваў Іван Фёдараў. Астрожская Біблія была выдадзена ў фармаце in folio. Для друку асноўнага тэксту быў спецыяльна адліты “астрожскі” шрыфт. Аб’ём тэксту налічвае прыблізна 3 240 000 друкаваных знакаў. Выданне ўпрыгожана ксілаграфічнай тытульнай рамкай, гербам князя Канстанціна Астрожскага і друкарскім знакам Івана Фёдарава. Шматлікія прыёмы мастацкага афармлення, якія Іван Фёдараў выкарыстоўваў падчас стварэння выдання, сталі ў далейшым характэрнымі для ўкраінскага і беларускага кнігадрукавання.

Выданне Астрожскай Бібліі адыграла вялікую ролю ў праваслаўнай асвеце і адукацыі. Для Рускай праваслаўнай царквы гэта Біблія стала носьбітам моўнай нормы царкоўнаславянскай мовы.

Сёння экзэмпляры Астрожскай Бібліі зберагаюцца ў музеях, бібліятэках, архівах Украіны, Расіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Францыі і іншых краін свету. Захаваліся звесткі, што ініцыятар выдання князь Канстанцін Астрожскі падараваў Біблію Папу Рымскаму Рыгору XIII, а Іван Грозны – пасланніку англійскай каралевы Джэрому Гарсэю. Асобнік выдання належаў шведскаму каралю Густаву II Адольфу.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца два арыгінальныя экзэмпляры гэтага старажытнага помніка праваслаўнай веры. Пазнаёміцца з імі можна ў чытальнай зале рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў (пам. 348) да 31 сакавіка 2021 г. Запрашаем!

Дата заканчэння выстаўкі  можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы чытальнай залы рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Мерапрыемствы

Асветніца з роду Усяслава

16.07.2021

З 16 ліпеня па 30 верасня запрашаем наведаць выстаўку “Асветніца з роду Усяслава”, прымеркаваную да 920-годдзя з дня нараджэння беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай і 860-годдзя стварэння крыжа святой Еўфрасінні.

Лёс наканаваны з нябёс

22.07.2021

З 22 ліпеня па 22 верасня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць выстава “Лёс наканаваны з нябёс”, прысвечаная 75-годдзю беларускага кампазітара і педагога Ганны Маратаўны Казловай.

Адкрывальнік і летапісец сівой даўніны

21.07.2021

Да 60-годдзя беларускага гісторыка і пісьменніка Вітаўта Чаропкі ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 21 ліпеня па 31 жніўня праходзіць выстаўка “Адкрывальнік і летапісец сівой даўніны”.

Толькі на адзін тыдзень у Мінску адкрылася ўнікальная выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” (+відэа)

22.07.2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”. На ёй упершыню будуць разам прадстаўлены аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.



Бібліятэкарам