ГалоўнаяМерапрыемствыМне трэба ўсё адчуць душой…
Вектар на здароўе: адказваем на выклікі часу
Новы праект бібліятэкі “Па-за вернісажам”

Мне трэба ўсё адчуць душой…

Мне трэба ўсё адчуць душой…
Іншыя мерапрыемствы
5 студзеня – 22 лютага
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

Да 70-годдзя беларускага пісьменніка Міхася Пазнякова ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 5 студзеня па 22 лютага праходзіць выстаўка “Мне трэба ўсё адчуць душой…”.

Міхась (Міхаіл Паўлавіч) Пазнякоў – постаць шматгранная ў сучаснай літаратуры: паэт, празаік, крытык, перакладчык, публіцыст, лаўрэат літаратурнай прэміі імя П. Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, аўтар некалькіх лексікаграфічных прац. За гады літаратурнай дзейнасці М. Пазнякоў напісаў не адзін дзясятак выдатных кніг, якія прынеслі аўтару заслужаную павагу і шырокую вядомасць. Вершы Пазнякова закранаюць душу сваёй шчырасцю, імкненнем гаварыць пра самае сутнаснае, у жыццёвым вопыце перажытае.

Адной з важных для М. Пазнякова лірычных тэм з’яўляецца тэма малой радзімы, роднага кута, вёсачкі, у якой нарадзіўся, правёў маленства, дзе пражылі свой век бацькі. Малая радзіма – вёска Заброддзе. Для пісьменніка – гэта цэлы свет, у якім хораша і ўтульна, светла і радасна. Ён удзячны і адданы яе сын, і не дзіва, што ў яго паэзіі вялікае месца займае вясковая тэма. Шматлікія кнігі паэзіі і прозы, сярод якіх “Матуля”, “Наталенне Радзімай”, “Любі і помні…”, “Усміхаюцца зоры над хатаю”, – у раздзеле экспазіцыі “Чыстыя берагі малой радзімы Міхася Пазнякова”.

Многія ведаюць Міхаіла Паўлавіча як дзіцячага пісьменніка. Якія дзеткам кніжкі патрэбны? Безумоўна, займальныя! Несумненна, вясёлыя! Зразумела, дасціпныя! Нездарма ж класічным стала выслоўе: для дзяцей трэба пісаць так, як і для дарослых, толькі лепш. А менавіта так і піша Міхась Пазнякоў, на рахунку якога шэраг цікавых, арыгінальных кніжак – “Побач з татам”, “Тры чарадзеі”, “Дзіўныя “блізняты”, “Ехаў поўны воз дзівос”, “Шые вожык кажушок”, “Вавёрчына хатка”. Дзеці для Міхася Паўлавіча невычэрпная крыніца натхнення. “Таму больш пішу для дзяцей, – гаворыць ён, – каб на душы было святлей, каб дарыць ім хоць часцінку таго, што яны дораць мне”. Вершы, казкі, небыліцы, загадкі і шмат іншага для маленькіх чытачоў прадстаўлена ў раздзеле “Адкрываем дзіўны свет”.

Выдатны майстар мастацкага слова, М. Пазнякоў добра вядомы і ў літаратурным асяроддзі замежных краін. Дзякуючы яму многія класічныя творы замежных пісьменнікаў загучалі па-беларуску. Гэта і знакаміты раман М. Сервантэса “Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі”, і раман В. Скота “Квенцін Дорвард”, раман С. Лагерлёфа “Пярсцёнак Лёвеншольдаў”, творы Г.Х. Андэрсэна, братоў Грым і інш. З перакладчыцкай дзейнасцю М. Пазнякова, а таксама яго працай як укладальніка і рэдактара знаёміць асобны раздзел выстаўкі.

“Пра чалавека і творцу” – апошні раздзел экспазіцыі, які распавядае пра плённы творчы шлях Міхася Пазнякова. Пра пісьменніка можна гаварыць шмат, аднак лепш за ўсё прачытаць яго кнігі. Яны, як ніхто іншы, найбольш поўна, сардэчна і яскрава распавядаюць пра творцу, раскрываюць яго багаты ўнутраны свет і пачуцці, прыгажосць і шчырасць душы аўтара.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Мой цудоўны агарод

04.03.2021

З 4 па 26 сакавіка запрашаем на выстаўку “Мой цудоўны агарод” у чытальнай зале аддзела міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў (пам. 164).

Бляск убораў і атмасфера балю... у бібліятэцы

02.03.2021

5 сакавіка ў выставачным комплексе бібліятэкі (пам. 104) стартуе ўнікальны праект “Бляск убораў і таямніцы флірту”. Экспанаты прадстаўлены з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага.

“Лепшыя кнігі Беларусі”: выстаўка па выніках LХ Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”

26.02.2021

З 26 лютага па 19 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) праходзіць выстаўка выданняў, адзначаных узнагародамі LХ Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Украінская Касандра

01.03.2021

24 лютага ў бібліятэцы ўрачыста адкрылася выстаўка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння адной з найвыбітнейшых асоб украінскай культуры – Ларысы Пятроўны Косач-Квiткі, вядомай ва ўсім свеце як Леся Украінка.

Падарожжа ў краіну кошак

25.02.2021

З 25 лютага па 22 сакавіка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “Падарожжа ў краіну кошак”.



Бібліятэкарам
111