Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 27 лістапада па 11 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “И у богини свет небес во взоре...”, прысвечаная 575-годдзю з дня нараджэння выдатнага італьянскага мастака Сандра Батычэлі (1445–1510).
“Ён не ідзе ў свіце іншых, але, злучыўшы ў сабе вельмі многае, што было раскідана, ён з дзіўнай паўнатою адлюстроўвае ідэалы свайго часу”, – пісаў пра Батычэлі мастацтвазнаўца і мастак А. Бенуа.
Прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу, непераўзыдзены майстар Ранняга Адраджэння, якога сёння ўвесь свет ведае як Сандра Батычэлі, насіў доўгае імя – Алясандра ды Марыяна ды Вані Філіпэпі. Мянушку “Батычэлі”, што азначае “бочачка”, мастак атрымаў у спадчыну ад аднаго са старэйшых братоў. Жыццё жывапісца праходзіла на фоне росквіту культуры Фларэнцыі, зараджэння перадавых ідэй Рэнесансу, супала і было цесна пераплецена з перыядам праўлення Ларэнца Медычы Цудоўнага, які, будучы таленавітым паэтам, сабраў пры сваім двары цэлую пляяду адораных, усебакова адукаваных навукоўцаў, паэтаў і мастакоў.
У творчасці Батычэлі неверагодным чынам злучыліся містычная трывога Сярэднявечча і прасветлены дух Антычнасці. Яго палотны напоўнены непераўзыдзенай вытанчанасцю формы з філасофскай глыбінёй зместу, асаблівай пявучасцю ліній, лірычнай непасрэднасцю. Сярод работ мастака – творы міфалагічнага, алегарычнага, рэлігійнага зместу, фрэскі і малюнкі.
Выстава названа радком з паэмы “Стансы на турнір” сучасніка Батычэлі, паэта Анджэла Паліцыяна. Сцэна з гэтага твора лягла ў аснову сусветна вядомай карціны “Нараджэнне Венеры”. Экспазіцыя змяшчае рэпрадукцыі лепшых работ фларэнційскага майстра: “Дабравешчанне”, “Святы Себасцьян”, “Пакінутая”, “П’ета”, “Марс і Венера”, “Вяртанне Юдзіфі”, “Палада і кентаўр”. З партрэтаў мастака паўстаюць Дантэ, Джуліяна Медычы, муза жывапісца Сіманэта Веспучы. Немагчыма прайсці міма батычэлеўскіх мадон, а таксама сусветных шэдэўраў “Нараджэнне Венеры” і загадкавай “Вясны”, рэпрадукцыі якіх экспануюцца на выставе. Позняя творчасць мастака прадстаўлена творамі “Містычныя Каляды”, “Паклёп”, “Сцэны з жыцця святога Зіновія”.
Асаблівай увагі заслугоўваюць ілюстрацыі Батычэлі да «Боскай камедыі» Дантэ, дзе мастак выступіў своеасаблівым тлумачальнікам твора.
Дапаўняюць экспазіцыю шматлікія альбомы рэпрадукцый, манаграфіі і артыкулы пра майстра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.