ГалоўнаяМерапрыемствыАБСЕ: 45 гадоў службы ў інтарэсах бяспекі і супрацоўніцтва
“Мультчытайка” паводле казкі М. Носава “Незнайка на Луне”
Вясёлы клоўн

АБСЕ: 45 гадоў службы ў інтарэсах бяспекі і супрацоўніцтва

АБСЕ: 45 гадоў службы ў інтарэсах бяспекі і супрацоўніцтва
Іншыя мерапрыемствы
15 ліпеня – 31 жніўня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
пам. 207g
Месца правядзення

З 15 ліпеня па 31 жніўня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “АБСЕ: 45 гадоў службы ў інтарэсах бяспекі і супрацоўніцтва”, прысвечаная 45-годдзю Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ).

АБСЕ, якая аб’ядноўвае 57 дзяржаў – удзельнікаў з Паўночнай Амерыкі, Еўропы і Азіі, з’яўляецца найбуйнейшай у свеце рэгіянальнай арганізацыяй, якая займаецца пытаннямі бяспекі. Яна працуе ў імя стабільнасці, міру і дэмакратыі ў інтарэсах больш за адзін мільярд чалавек, ажыццяўляючы палітычны дыялог па пытаннях агульных каштоўнасцей і праводзячы практычную работу ў справе дасягнення ўстойлівага прагрэсу.

Галоўная мэта АБСЕ – прадухіленне ўзнікнення канфліктаў у рэгіёне, урэгуляванне крызісных сітуацый і постканфліктнае аднаўленне. АБСЕ служыць унікальным міжнародным форумам для палітычнага дыялогу па шырокаму колу пытанняў бяспекі і платформай для сумеснай дзейнасці па паляпшэнні жыцця людзей і іх супольнасцей. Арганізацыя выкарыстоўвае ўсёабдымны падыход да бяспекі, які ахоплівае ваенна-палітычнае, эканоміка-экалагічнае і чалавечае вымярэнні.

З дапамогай сваіх інстытутаў, экспертных падраздзяленняў і сеткі палявых аперацый АБСЕ процідзейнічае выклікам бяспекі, якія носяць транснацыянальны характар, такім, як змяненне клімату, тэрарызм, радыкалізацыя і гвалтоўны экстрэмізм, арганізаваная злачыннасць, кіберзлачыннасць і незаконны абарот наркотыкаў і зброі, а таксама гандаль людзьмі. Арганізацыя садзейнічае ўмацаванню сувязей і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, наладжванню партнёрства паміж прыватным і дзяржаўным сектарамі, а таксама ўзаемадзеянню з грамадзянскай супольнасцю.

Рашэнні ў АБСЕ прымаюцца на аснове кансэнсусу, усе дзяржавы-ўдзельніцы маюць аднолькавы статус.

Афіцыйнай датай узнікнення Арганізацыі з’яўляецца 1 жніўня 1975 г., калі была склікана Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). Менавіта ў гэты дзень сабраліся ў Хельсінкі кіраўнікі 33 еўрапейскіх дзяржаў, Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады і падпісалі Заключны (Хельсінкскі) акт НБСЕ, які зафіксаваў асноўныя прынцыпы паводзін дзяржаў-удзельнікаў датычна сваіх грамадзян, а таксама паміж сабой. У гэтай сувязі Хельсінкскі акт стаў важным крокам на шляху фарміравання сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам АБСЕ з 30 студзеня 1992 года. У Вене дзейнічае Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у АБСЕ. Беларусь прымае актыўны ўдзел у працэсе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў і дакументаў АБСЕ, і тым самым уносіць свой уклад у развіццё агульнаеўрапейскага дыялогу па пытаннях супрацоўніцтва і бяспекі.

На выставе прадстаўлена каля 90 дакументаў. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы АБСЕ на рускай, англійскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты.

Выстава ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • АБСЕ: гісторыя стварэння, структура, асноўныя мэты і задачы
  • Ваенна-палітычная сфера дзейнасці АБСЕ
  • Роля АБСЕ ва ўрэгуляванні канфліктаў
  • Эканамічная і экалагічная сфера дзейнасці АБСЕ
  • Дзейнасць АБСЕ ў галіне захавання правоў чалавека
  • Развіццё дэмакратычных інстытутаў і маніторынг выбараў
  • Удзел Рэспублікі Беларусь у дзейнасці АБСЕ

Прапанаваная выстава будзе цікавая для студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў сацыяльных і палітычных дысцыплін, спецыялістаў у галіне міжнароднага права, сусветнай палітыкі, міжнародных адносін і праў чалавека, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца працэсамі еўрапейскай інтэграцыі і сістэмай фарміравання агульнаеўрапейскай бяспекі.

Карысныя спасылкі

Дакументы


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Чытайце таксама:

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам