ГалоўнаяМерапрыемствыМастак, які малюе час
Свет дзяцінства
Wet-on-wet: адкрылася выстаўка акварэлі Вячаслава Паўлаўца

Мастак, які малюе час

Мастак, які малюе час
Іншыя мерапрыемствы
1 красавіка – 2 мая
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 1 красавіка па 2 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Мастак, які малюе час”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца і педагога Мая Вольфавіча Данцыга (1930–2017).

Вайна, горад, новабудоўлі, працоўныя будні… Здаецца, усе гэтыя знаёмыя тэмы ўжо даўно ўкараніліся ў нашай свядомасці, іх лёгка ўявіць, імі нельга здзівіць… Але ў творчасці Мая Данцыга гэтыя вобразы паўстаюць зусім па-іншаму, яны актуальныя, бо раскрываюцца ў незвычайных ракурсах і кампазіцыях, уражваюць сваёй манументальнасцю, прыцягваюць увагу свежасцю ўспрымання, выклікаюць пытанні і нараджаюць думкі. І гэта невыпадкова, бо па словах мастака “…самае цікавае ў мастацтве нават не новая тэма, а старая, узятая і вырашаная па-новаму”.

Майстар шырокага творчага дыяпазону, Май Данцыг працаваў у жанрах станковага і манументальнага жывапісу, сюжэтна-тэматычнай карціны, ствараў пейзажы, нацюрморты, партрэты сваіх сучаснікаў. Яго называюць мастаком-урбаністам, які здолеў стварыць рытм і пульс горада, улавіць яго гукі. Данцыга лічаць і мастаком-філосафам, які сродкамі жывапісу прадставіў роздум пра жыццё, свой час і эпоху, перадаў пачуццё радасці ад стварэння новага, імкненне да лепшага і жыццясцвярджальнага.

dancyh_i_pomnit_mir_spasennyj.jpg

Выстаўка знаёміць з усімі тэмамі і жанрамі, у якіх працаваў Май Данцыг. Так, не пакінуць абыякавымі рэпрадукцыі твораў, прысвечаных вайне, жорсткасць і недарэчнасць якой мастак адчуў яшчэ ў дзяцінстве: “І памятае свет выратаваны”, “Беларусь – маці партызанская”, нацюрморт “Аб Вялікай Айчыннай…”, “Партызанская балада”.

З карцін Данцыга “Мой горад старажытны, малады”, “Мой Мінск”, “Мінск. Вясна 1944 года”, “Мінск. Плошча Перамогі” перад гледачамі паўстае Мінск савецкага часу. Сёння гэтыя работы ўяўляюць сабой не толькі мастацкую, але і гістарычную каштоўнасць і сведчаць пра існаванне тых помнікаў архітэктуры, якія не захаваліся да нашых дзён.

dancyh.jpg

Прыцягнуць увагу выразныя вобразы будаўнікоў, працоўных, людзей свайго часу з карцін “Навасёлы”, “Растуць новыя кварталы”, “Гудзе зямля Салігорская! Вячэрняя змена”, “Золата зямлі”, “Стваральнікі” з трыпціху “На варце свету”. На партрэтах Данцыга лёгка пазнаць прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, сярод якіх Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, акцёр Віктар Авілаў.

cB-rlWxHsqY.jpg

Дапаўняюць выстаўку кнігі, каталогі выставак, артыкулы пра мастака беларускіх даследчыкаў Н. Сяліцкай, Н. Шаранговіч, К. Ізафатавай, С. Харэўскага, К. Мельніка. Сярод матэрыялаў вылучаецца багата ілюстраваны альбом рэпрадукцый “Май Данциг. Живопись, графика” (2016), дзе сабрана шматгранная спадчына майстра. Будзе карыснай і кніга мастацтвазнаўца Б. Крэпака, прысвечаная жывапісцу. У альбоме “Май Данциг = Mai Dantsig” (1Ба233488К) для чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі мастак пакінуў свой аўтограф.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам