ГалоўнаяМерапрыемствыBiełaruskaja łacinka
Не прапусці прыгожыя імгненні
Шырыня паэтычнага абсягу

Biełaruskaja łacinka

Biełaruskaja łacinka
Іншыя мерапрыемствы
21 лютага – 31 ліпеня
Дата правядзення
10.00–19.00
Час правядзення
музей кнігі
Месца правядзення

З 21 лютага ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе працаваць выстава, прысвечаная адметнай традыцыі ў нашай культуры – беларускай лацінцы.

Беларуская мова – вялікая мова! На ёй створаны літаратурныя шэдэўры, багатая навуковая спадчына, напісаны шматлікія творы, якімі магла б ганарыцца любая культура. Унікальнай адметнасцю айчыннай моўнай практыкі з’яўляецца існаванне на працягу многіх стагоддзяў беларускага пісьменства ў розных графічных сістэмах: па-беларуску пісалі і кірыліцай, і лацінкай, а татары здолелі адаптаваць для беларускага пісьма яшчэ і арабскі алфавіт. Лацінка і кірыліца – дзве графікі, два абліччы нашай мовы, сімвалы адвечнай раздвоенасці існавання паміж Захадам і Усходам. І калі кірыліца сёння добра знаёмая і шырока ўжывальная, то лацінка здаецца загадкавай і невядомай.

Адкрыць таямніцы беларускай лацінкі і на ўласныя вочы ўпэўніцца ў яе існаванні можна на выставе “Biełaruskaja łacinka”.

У экспазіцыі прадстаўлены кніжныя помнікі, створаныя ў лацінскай графіцы на беларускай мове, пачынаючы ад XVII ст. да сучаснасці. Гэта яскравы літаратурны твор XVII ст. “Прамова Мялешкі” на старабеларускай мове з унікальнага рукапіснага зборніка тыпу сямейных хронік “Silva rerum”, складзенага шляхцічам са знакамітага роду Слізняў.

Сімвал барацьбы за волю і незалежнасць 1863 г. – першая нелегальная беларуская газета “Mużyckaja prauda” Кастуся Каліноўскага.

Знакавыя выданні XIX ст. беларускіх пісьменнікаў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і інш. А таксама адметныя зборнікі і перыёдыка беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.: кнігі з пецярбургскіх і віленскіх выдавецтваў, дзе друкаваліся творы Я. Купалы, Цёткі, Я. Коласа і інш.; легендарныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва” і інш.

Асобны раздзел выставы распавядае гісторыю развіцця лацінскага алфавіта і прадстаўляе буквары, чытанкі і граматыкі беларускай мовы Каруся Каганца, Рудольфа Абіхта, Янкі Станкевіча, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча і інш.

На сённяшні дзень у сучаснай форме лацінка ўжываецца пісьменнікамі, музыкамі, вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Лацінкай прадублявана напісанне назваў станцый на схемах мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах. Сучасныя выданні і прыклады выкарыстання лацінкі зоймуць пачэснае месца на выставе.


Выстава будзе працаваць у музеі кнігі да 31 ліпеня 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам