Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Да Міжнароднага дня роднай мовы Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з тэлеканалам "Беларусь 24" падрыхтавала фотавыставу “Беларусь: прыгожыя імгненні”.
Наведвальнікаў чакае серыя з 20 здымкаў, якія адлюстроўваюць сімвалы, прыроду, культуру нашай радзімы.
У экспазіцыі Беларусь паўстае прыгожай, квітнеючай, разнастайнай і непаўторнай краінай са шматвяковай гісторыяй, помнікамі старажытнай культуры і архітэктуры, сучаснымі будынкамі і наватарскімі ідэямі. Гледачы могуць разгледзець маляўнічы жывёльны і раслінны свет, чароўныя раўнінныя пейзажы, глухія лясы, сотні кіламетраў запаведнікаў і тысячы азёр.
Сімвалічнымі для краіны сталі жывёла зубр, расліны валошка, лён і канюшына, птушка бусел. З кожным з іх звязаны шэраг легенд і паданняў.
Зубр – візітоўка багатага і разнастайнага жывёльнага свету Беларусі, самыя цяжкія і вялікія наземныя млекакормячыя на еўрапейскім кантыненце, апошнія ў Еўропе прадстаўнікі дзікіх быкоў.
Валошка – традыцыйная кветка-муза беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў, якая сімвалізуе чысціню, ветлівасць і дружалюбнасць.
Бусел – сімвал нацыянальнай чысціні, вернасці, адданасці і бацькоўскай любові, сімвал перамогі дабра над злом. Птушка лічыцца духам-заступнікам дома, які прыносіць жыхарам росквіт.
Аўтары фотаздымкаў: Ігар Бышнёў, Максім Вейзэ, Юлія Войніч, Кацярына Міціна, Сяргей Плыткевіч, Улад Сакалоўскі, Сяргей Тарасаў. У кожным здымку фотамастакоў – свой настрой, свой характар, свая гісторыя.
На працягу 2020 года выстава будзе экспанавацца ў розных краінах Еўропы. Збор фотавобразаў Беларусі не пакіне гледачоў абыякавымі і зробіць так, што краіна і кожны з вобразаў-імгненняў запомняцца надоўга.
Убачыць яе ў бібліятэцы можна ў галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх) да 18 сакавіка 2020 г.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: 8 (017) 293 28 81.
E-mail: pr@nlb.by
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.