ГалоўнаяМерапрыемствыКаштоўнасці і прыярытэты XXI стагоддзя: сацыяльная справядлівасць
Шырыня паэтычнага абсягу
Прэзентацыя электроннага выдання "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…"

Каштоўнасці і прыярытэты XXI стагоддзя: сацыяльная справядлівасць

Каштоўнасці і прыярытэты XXI стагоддзя: сацыяльная справядлівасць
Іншыя мерапрыемствы
19 лютага – 17 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207g
Месца правядзення

З 19 лютага па 17 сакавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Каштоўнасці і прыярытэты XXI стагоддзя: сацыяльная справядлівасць”, прысвечаная Сусветнаму дню сацыяльнай справядлівасці.

Гэты Дзень быў абвешчаны на 62-й сесіі Генеральнай асамблеяй ААН 26 лістапада 2007 года (рэзалюцыя A/RES/62/10) і штогод адзначаецца 20 лютага, пачынаючы з 2009 года.

З ініцыятывай абвяшчэння Сусветнага дня сацыяльнай справядлівасці выступіў Кыргызстан. Праект рэзалюцыі, прадстаўлены кыргызскай дэлегацыяй, суаўтарамі якога выступілі каля 80 дзяржаў, быў прыняты аднагалосна.

Пры заснаванні гэтага Дня Генеральная асамблея ААН падкрэсліла, што сацыяльная справядлівасць з’яўляецца асноўным прынцыпам мірнага і шчаслівага суіснавання як унутры кожнай асобнай краіны, так і ва ўзаемаадносінах паміж рознымі краінамі. У рэзалюцыі было адзначана, што важнымі ўмовамі забеспячэння сацыяльнага развіцця і сацыяльнай справядлівасці з’яўляецца эканамічны рост, мір і бяспека, а таксама захаванне праў чалавека. Асамблея паказала на неабходнасць далейшага нарошчвання намаганняў міжнароднай супольнасці ў галіне выкаранення беднасці, забеспячэння поўнай занятасці, дастойнай працы, раўнапраўя мужчын і жанчын, сацыяльнага дабрабыту і сацыяльнай справядлівасці для ўсіх.

ААН лічыць імкненне да сацыяльнай справядлівасці адной са сваіх галоўных місій і прыкладае велізарныя намаганні для вырашэння пытанняў сацыяльнага развіцця.

У сакавіку 1995 года ў Капенгагене прайшла Сусветная сустрэча на вышэйшым узроўні ў інтарэсах сацыяльнага развіцця, на якой былі абвешчаныя задачы сацыяльнага развіцця сучаснага грамадства. Кіраўнікі 117 дзяржаў і ўрадаў прынялі Капенгагенскую дэкларацыю аб сацыяльным развіцці і Праграму дзеянняў, дзе замацавалі канкрэтныя абавязацельствы па паляпшэнні ўмоў жыцця чалавека.

Праз пяць гадоў, у чэрвені 2000 года, у Жэневе была праведзена 24-я спецыяльная сесія Генеральнай асамблеі ў інтарэсах сацыяльнага развіцця. На ёй былі прааналізаваны вынікі ажыццяўлення капенгагенскіх рашэнняў, вызначаны асноўныя перашкоды і шляхі іх ліквідацыі. Галоўная выснова сустрэчы 2000 года заключалася ў тым, што эканамічны рост дзяржаў павінен быць спалучаны з павышэннем якасці жыцця людзей.

10 чэрвеня 2008 года Міжнародная арганізацыя працы аднагалосна прыняла Дэкларацыю МАП аб сацыяльнай справядлівасці ў мэтах справядлівай глабалізацыі. У ёй гаворыцца аб гарантыі дасягнення справядлівых вынікаў для ўсіх шляхам забеспячэння занятасці, сацыяльнай абароны, сацыяльнага дыялогу і асноўных прынцыпаў і праў на працоўным месцы.

Як i многiя iншыя даты, заснаваныя ААН, Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці кожны год мае новую тэму, якая дазваляе засяродзіцца на тым ці іншым аспекце праблемы. Тэма дня 2020 года – “Скарачэнне няроўнасці з мэтай дасягнення сацыяльнай справядлівасці”.

Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 90 дакументаў. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Сацыяльная справядлівасць: гісторыя, тэорыя, ідэі і прынцыпы
  • Міжнароднае супрацоўніцтва ў інтарэсах сацыяльнага развіцця і справядлівасці
  • Выкараненне беднасці
  • Забеспячэнне поўнай занятасці і дастойнай працы
  • Абарона і заахвочванне праў чалавека. Сацыяльныя няроўнасці і сацыяльная палітыка ў сучасным свеце
  • Усеагульны доступ да адукацыі і якасных паслуг аховы здароўя
  • Аказанне дапамогі эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю найменш развітых краін і краін з пераходнай эканомікай

Выстаўка будзе цікавая для студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў сацыяльна-эканамічных дысцыплін, палітычных і грамадскіх дзеячаў, спецыялістаў у галіне міжнароднага права, сусветнай палітыкі, міжнародных адносін і праў чалавека, работнікаў сацыяльнай сферы.

Карысныя спасылкі:

Ключавыя дакументы:


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам