ГалоўнаяМерапрыемствыАдукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця
Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца
Размова з адвакатам аб новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса

Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця

Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця
Іншыя мерапрыемствы
21 студзеня – 17 лютага
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207g
Месца правядзення

З 21 студзеня па 17 лютага ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця”, прысвечаная Міжнароднаму дню адукацыі.

Гэта зусім новае свята. Яно было абвешчана Генеральнай асамблеяй 3 снежня 2018 года (рэзалюцыя А/RES/73/25) і штогод адзначаецца 24 студзеня пачынаючы з 2019 года.

Праект рэзалюцыі быў прапанаваны дэлегацыяй Нігерыі на Глабальнай канферэнцыі па пытаннях адукацыі, якая праходзіла ў Бруселі, і падтрыманы 58 дзяржавамі-членамі, што прадэманстравала палітычную волю, накіраваную на падтрымку інклюзіўнай, даступнай і якаснай адукацыі для ўсіх.

У рэзалюцыі прызнаецца, што адукацыя адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні ўстойлівага і жыццяздольнага грамадства і спрыяе дасягненню ўсіх 17 мэт у галіне ўстойлівага развіцця. А Мэта 4, у прыватнасці, прадугледжвае забеспячэнне ўсёахопнай і справядлівай якаснай адукацыі і падтрыманне магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх.

Адукацыя – права кожнага чалавека, што замацавана ў артыкуле 26 Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека. Яна заклікае да забеспячэння бясплатнай пачатковай адукацыі для кожнага. А Канвенцыя аб правах дзіцяці, прынятая ў 1989 годзе, змяшчае палажэнне аб абавязку дзяржаў забяспечваць даступнасць вышэйшай адукацыі для ўсіх. Аднак па даных ЮНЕСКА, нягледзячы на рост узроўню адукацыі за апошнія 50 гадоў, па ўсім свеце па-ранейшаму налічваецца 750 млн непісьменных дарослых, 617 млн дзяцей і падлеткаў не валодаюць элементарнымі навыкамі чытання і матэматыкі, 262 млн дзяцей і маладых людзей не наведваюць школу.

Абвясціўшы Міжнародны дзень адукацыі, дзяржавы-члены адзначылі важнасць прыняцця мер да забеспячэння інклюзіўнай і раўнацэннай па якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, з тым каб усе людзі мелі магчымасці прадаўжэння адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Гэта дапамагала б ім набываць неабходныя веды і навыкі, якія дазваляюць паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці грамадства і ўносіць уклад у забеспячэнне ўстойлівага развіцця.

Нацыянальная адукацыя Рэспублікі Беларусь традыцыйна з’яўляецца адной з найвышэйшых каштоўнасцей беларускага народа. У мэтах забеспячэння развіцця сістэмы адукацыі і рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь зацверджана і дзейнічае Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016–2020 гады. У краіне працуюць больш за 8 тыс. устаноў адукацыі, якія прадстаўляюць усе яе ўзроўні, у якіх навучанне і выхаванне больш за 3 млн дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў забяспечваюць каля 430 тыс. работнікаў сістэмы адукацыі.

Рэспубліка Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе чалавечага развіцця па паказчыках у сферы адукацыі адносіцца да дзяржаў з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Пра гэта сведчаць такія макрапаказчыкі, як узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва (99,7 %), ахоп базавай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй занятага насельніцтва (98 %). Па паказчыках паступлення дзяцей у пачатковую і сярэднюю школу, колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусь знаходзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы і свету. Кожны трэці жыхар рэспублікі вучыцца.

Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 80 дакументаў на рускай, англійскай і нямецкай мовах. Гэта кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Адукацыя для ўстойлівага развіцця
  • Ад пачатковай адукацыі да вышэйшай школы
  • Распаўсюджванне пісьменнасці і базавай адукацыі для дарослых. Навучанне на працягу ўсяго жыцця. Дзесяцігоддзе пісьменнасці: адукацыя для ўсіх
  • Прафесійная адукацыя
  • Міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Балонскі працэс. Міжнародныя абмены
  • Сістэма адукацыі і яе ўдасканаленне ў Рэспубліцы Беларусь

Выстаўка адрасуецца вучоным і спецыялістам у галіне адукацыі, выкладчыкам ВНУ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і агульнаадукацыйных школ, аспірантам, а таксама ўсім, хто цікавіцца сучаснымі праблемамі развіцця адукацыі.

Карысныя спасылкі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам