Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 3 студзеня па 27 лютага ў зале перыядычных выданняў (пам. 106) праходзіць тэматычная выстаўка “Перыядычныя выданні – юбіляры 2020 года”.
Сёлета 90-годдзе святкуе адно з найстарэйшых выданняў краіны – штомесячны ілюстраваны часопіс “Беларусь. Belarus”. На яго старонках асвятляецца грамадска-палітычнае і эканамічнае жыццё рэспублікі, падымаюцца пытанні развіцця нацыянальнай культуры, публікуюцца нарысы пра беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі. Часопіс выходзіць на беларускай, англійскай і кітайскай мовах і распаўсюджваецца ў 50 краінах свету.
У ліку юбіляраў – літаратурна-мастацкі часопіс “Нёман”, які адзначае 75-годдзе. У яго раздзелах “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”, “Учора. Сёння. Заўтра”, “Мастацтва” з’яўляюцца творы аўтараў, якія пішуць на рускай мове, пераклады беларускіх і замежных пісьменнікаў, артыкулы на навуковыя і гістарычныя тэмы.
60 гадоў спаўняецца бібліяграфічнаму бюлетэню “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”. Ён выдаецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і прызначаны для работнікаў бібліятэк, педагогаў і ўсіх, хто цікавіцца беларусазнаўствам.
Дапаўняюць экспазіцыю матэрыялы, прысвечаныя юбілеям газет “Мінская праўда”, “Зорька”, “Настаўніцкая газета” і часопіса “Архитектура и строительство”, якія заваявалі заслужаную папулярнасць і любоў у чытачоў.
З публікацый, прадстаўленых на выстаўцы, можна даведацца пра багатую гісторыю, слаўныя традыцыі і этапы вялікага шляху, які прайшлі выданні-юбіляры.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 25 87.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.