ГалоўнаяМерапрыемствыЗ роздумам пра чалавека
ЮНКТАД – 55 гадоў развіцця і супрацоўніцтва
Запрашаем на прэзентацыю лонгрыда “Беларусь Бібліятэчная”

З роздумам пра чалавека

З роздумам пра чалавека
Іншыя мерапрыемствы
20 снежня – 13 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

З 20 снежня па 13 студзеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “З роздумам пра чалавека”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава (1934–1996).

Творчасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава – яркая старонка ў сучаснай беларускай прозе. Апавяданні і раманы пісьменніка вылучаюцца рэалістычнасцю, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, увагай да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, высокім мастацкім майстэрствам. Значнае месца ў творчай спадчыне пісьменніка займаюць творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. І гэта невыпадкова: сам аўтар належыць да пакалення “дзяцей вайны”.

Раздзел экспазіцыі “Вернасць праўдзе жыцця” знаёміць з асноўнымі творамі, якія яшчэ пры жыцці аўтара набылі шырокую папулярнасць: “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы”, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы згінем”, а таксама першымі зборнікамі прозы “Птушкі ляцяць на волю”, “Самы шчаслівы чалавек”, зборнікамі выбраных твораў і інш.

Талент Івана Чыгрынава – шматгранны. Пісьменнік быў адным з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма пра мінскае падполле “Руіны страляюць”, напісаў асобныя раздзелы манаграфіі пра этнографа і фалькларыста Мікалая Нікіфароўскага, плённа працаваў у галіне крытыкі і публіцыстыкі. Прадстаўленыя на выстаўцы кнігі “Новае ў жыцці, новае ў літаратуры” і “Паміж сонцам і месяцам” змяшчаюць публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, дзённікавыя нататкі, эсэ, яго аўтабіяграфію, інтэрв’ю. Экспануюцца і п’есы Чыгрынава “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”, “Звон – не малітва”, “Следчая справа Вашчылы”, “Толькі мёртвыя не вяртаюцца”, “Ігракі” і інш.

Творы пісьменніка на рускай, англійскай, балгарскай, армянскай, арабскай, французскай і іншых мовах свету змешчаны ў другім раздзеле экспазіцыі “Творы І. Чыгрынава ў перакладах”.

Раздзел “Глыбіннасць таленту” – гэта ўспаміны сяброў Івана Гаўрылавіча пра яго жыццё і творчасць, грамадскую дзейнасць у якасці старшыні праўлення Беларускага фонду культуры, а таксама публікацыі літаратурных крытыкаў, змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях, зборніках, часопісах, асобных кнігах, артыкулы пра спектаклі беларускіх тэатраў, пастаўленыя па творах пісьменніка, і інш.

Усяго экспазіцыя налічвае каля 120 дакументаў.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.



Бібліятэкарам