ГалоўнаяМерапрыемствыРоўныя правы, роўныя магчымасці
Снег – зімовы цуд
Навагодні серпанцін

Роўныя правы, роўныя магчымасці

Роўныя правы, роўныя магчымасці
Іншыя мерапрыемствы
3–25 снежня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207g
Месца правядзення

З 3 па 25 снежня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Прававая і сацыяльная абарона інвалідаў”, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.

Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1992 годзе (рэзалюцыя А/RES/47/3) падчас правядзення Дзесяцігоддзя інвалідаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1983–1992 гады) і штогод адзначаецца 3 снежня, што дазволіла прыцягнуць увагу да становішча інвалідаў і распрацаваць стратэгічны план дзеянняў па забеспячэнні роўнага доступу інвалідаў да ўсіх аспектаў жыцця грамадства. Мэтай Дня гэтак жа з’яўляецца выяўленне і ліквідацыя перашкод і бар’ераў, якія замінаюць забеспячэнню ўмоў для рэалізацыі праў і вялізнага патэнцыялу асоб з абмежаванымі магчымасцямі.

На сённяшні дзень насельніцтва свету складае больш за 7 мільярдаў. Больш за 1 мільярд чалавек маюць тую ці іншую форму інваліднасці, а гэта – кожны сёмы жыхар нашай планеты. Больш за 100 мільёнаў інвалідаў – дзеці.

Інваліды часцей за іншых сутыкаюцца з беднатой і нягодамі і маюць удвая больш шанцаў на тое, каб застацца неахопленымі медыцынскім абслугоўваннем. Узровень занятасці сярод інвалідаў у некаторых краінах складае ўсяго толькі трэць ад узроўню занятасці насельніцтва ў цэлым. У краінах, якія развіваюцца, разрыў у паказчыках ахопу пачатковай школай дзяцей-інвалідаў і астатніх дзяцей вагаецца ў межах ад 10 да 60 працэнтаў. Такое нераўнапраўе ў мностве форм і праяўленняў мае вялікія выдаткі, прычым не толькі для інвалідаў, але і для грамадства ў цэлым. Разумеючы важнасць праблемы, ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі, накіроўваюць свае намаганні на барацьбу з негатыўным стаўленнем да людзей абмежаваных магчымасцей, з сацыяльнымі, эканамічнымі і культурнымі бар'ерамі, якія перашкаджаюць інвалідам стаць паўнапраўнымі членамі грамадства.

Прыняцце Канвенцыі аб правах інвалідаў у 2006 годзе стала лагічным працягам шматгадовай працы ААН у гэтай галіне. А Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года і шэраг асноўных глабальных стратэгій у галіне развіцця замацоўваюць асновы дзейнасці па далейшай папулярызацыі праў інвалідаў. У чэрвені 2019 года Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш абвясціў аб пачатку рэалізацыі Стратэгіі ААН па інтэграцыі інвалідаў, праз гэта арганізацыі сістэмы ААН пацвярджаюць, што поўнае і ўсебаковае ажыццяўленне праў чалавека ўсіх інвалідаў з’яўляецца неад’емным, цэласным і непадзельным элементам усіх праў чалавека і асноўных свабод.

Кожны год Міжнародны дзень інвалідаў прысвечаны пэўнай тэме. Тэма 2019 года: “Забеспячэнне актыўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства – рэалізацыя Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года”.

Парадак дня да 2030 года накіраваны на дасягненне дабрабыту для ўсіх жыхароў планеты. Інваліды могуць унесці свой пасільны ўклад у вырашэнне гэтай задачы, уключаючы дзейнасць у галіне змякчэння наступстваў стыхійных бедстваў, гуманітарных аперацый і горадабудаўніцтва.

Матэрыялы выстаўкі раскрываюць розныя аспекты дзейнасці ААН і іншых арганізацый, накіраваныя на далейшую распрацоўку і прымяненне міжнародных норм і стандартаў адносна інвалідаў і іх раўнапраўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і развіцці грамадства.

Экспазіцыя налічвае каля 70 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры.

Большую частку складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.).

Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Інваліды і грамадства (агульныя пытанні)
  • Міжнародныя нормы і стандарты адносна інвалідаў, правы інвалідаў
  • Сацыяльная абарона і адукацыя інвалідаў
  • Праблемы дзіцячай інваліднасці
  • Медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя інвалідаў
  • Прававыя гарантыі сацыяльнай абароны інвалідаў у РБ

Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне сацыяльнай палітыкі і сацыяльнай работы, медыцынскім работнікам і работнікам служб сацыяльнай абароны насельніцтва, сацыёлагам, самім інвалідам, студэнтам і выкладчыкам сацыяльных дысцыплін.

Карысныя спасылкі

Міжнародныя інструменты

Сістэма ААН

Мерапрыемствы

Міжнародныя дні


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.



Бібліятэкарам