ГалоўнаяМерапрыемствыНе сучаснаму рабству
Літаратурная гадзіна “Паэзія дабрыні”
Вернасць слову

Не сучаснаму рабству

Не сучаснаму рабству
Іншыя мерапрыемствы
24 ліпеня – 31 жніўня
Дата правядзення
10.00–20.00
Час правядзення
пам. 207
Месца правядзення

З 24 ліпеня па 31 жніўня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “Не сучаснаму рабству!”, прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзей.

Гэты Дзень быў абвешчаны 18 снежня 2013 года на 68-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН (рэзалюцыя А/RES/68/192) і кожны год адзначаецца 30 ліпеня пачынаючы з 2014 года.

Гандаль людзьмі – гэта сур’ёзнае злачынства і грубае парушэнне праў чалавека. Кожны год мільёны людзей, у асноўным жанчыны і дзеці, становяцца ахвярамі падману і насілля, пераўтвараюцца ў “жывы тавар” і падвяргаюцца эксплуатацыі. “Новы гандаль рабамі” стаў вострай і шырокамаштабнай праблемай сучаснасці. Усе краіны свету, ці то краіна паходжання, ці транзіту ці прызначэння, пакутуюць ад гандлю людзьмі. Па даных ААН, агульная колькасць рабоў на зямлі складае 21 млн чалавек. Трэцяя частка з іх – гэта дзеці. Сярод ахвяр гандлю людзьмі 71 % – гэта жанчыны і дзеці.

“Гандаль людзьмі ажыццяўляецца ў многіх формах і не ведае межаў. Гандляры людзьмі дзейнічаюць без пакарання, бо іх злачынствы не атрымліваюць дастатковай увагі. Гэту сітуацыю неабходна змяніць,” – адзначыў у сваім выступленні генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

30 ліпеня 2010 года рэзалюцыяй 64/293 Генеральная асамблея прыняла Глабальны план дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, у якім звярнулася да ўсіх адпаведных органаў ААН з рашучым заклікам каардынаваць намаганні для эфектыўнай барацьбы з гандлем людзьмі і для абароны праў чалавека. Адным з найважнейшых палажэнняў Плана стала стварэнне Мэтавага фонду ААН для дабрачынных узносаў на дапамогу ахвярам гандлю людзьмі, асабліва жанчынам і дзецям.

У верасні 2015 года была прынята Павестка дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, у якой былі пастаўлены канкрэтныя мэты і задачы па барацьбе з гандлем людзьмі. У Павестцы дня адзначана неабходнасць пакончыць з гандлем дзецьмі, гандлем людзьмі ў цэлым, а таксама насіллем адносна жанчын і дзяўчынак.

Рэспубліка Беларусь была адным з ініцыятараў заснавання Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі. Наша краіна – удзельніца ўсіх універсальных канвенцый ААН, накіраваных на супрацьдзеянне гандлю людзьмі, а таксама Канвенцыі Савета Еўропы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі. У 2017 годзе Беларусь унесла трэці дабрачынны ўзнос у Мэтавы фонд па абароне ахвяр гандлю людзьмі, асабліва жанчын і дзяцей, а ў 2018 годзе – дабрачынны ўзнос на пазабюджэтны праект АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі ўздоўж міграцыйных патокаў.

У нашай краіне дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі”, рэалізуецца Дзяржаўная праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017–2019 гады, у якой асаблівы акцэнт зроблены на папярэджанне гандлю людзьмі, абарону і рэабілітацыю ахвяр. Матэрыялы выстаўкі раскрываюць розныя аспекты праблемы “новага гандлю рабамі” і знаёмяць з даследаваннямі феномена рабства і гандлю людзьмі.

Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Праблема гандлю людзьмі: гісторыя і сучаснасць
  • Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне процідзеяння гандлю людзьмі
  • Пакрыццё шкоды ахвярам гандлю людзьмі
  • Міжнародна-прававыя асновы барацьбы з гандлем людзьмі
  • Рэспубліка Беларусь супраць трафікінгу

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 дакументаў на рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя дакументы ААН, перыядычныя выданні.

Выстаўка прызначана для супрацоўнікаў следчых і аператыўных падраздзяленняў праваахоўных органаў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, суддзяў, адвакатаў, выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў юрыдычнага профілю, а таксама для ўсіх зацікаўленых станам праблем кіравання працэсамі барацьбы з гандлем людзьмі.

Карысныя спасылкі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял прадстаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Песня ў гонар Зялёнай Дубровы

12.03.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Песня ў гонар Зялёнай Дубровы”, прысвечаная 90-годдзю беларускага пісьменніка Кастуся Цвіркі, праходзіць з 12 сакавіка па 21 красавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).



Бібліятэкарам