ГалоўнаяМерапрыемствыТысячагадовы Брэст – культурная сталіца СНД
Дзіцячы пакой запрашае на летнія творчыя заняткі
VARIA. З фонду Уладзіміра Ліхадзедава

Тысячагадовы Брэст – культурная сталіца СНД

Тысячагадовы Брэст – культурная сталіца СНД
Іншыя мерапрыемствы
20 чэрвеня – 10 снежня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
3-ці паверх, кальцавы калідор
Месца правядзення

Упершыню горад Брэст (Бярэсце) згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” у 1019 г. як гандлёва-рамесніцкі цэнтр Кіеўскай Русі. У 1390 г. ён атрымаў Магдэбургскае права і стаў першым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які меў прывілею самакіравання.

На працягу многіх стагоддзяў фарміравалася сучаснае аблічча Брэста, у якім захаваны архітэктурныя дасягненні розных стыляў і эпох, развіваюцца і ўзаемадзейнічаюць культуры розных народаў.

Да свайго тысячагадовага юбілею Брэст стаў 15-ай культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), прыняўшы эстафету ад армянскага горада Горыс. Дзякуючы гэтаму, абласны цэнтр Рэспублікі Беларусь стане актыўнай пляцоўкай для пашырэння міжкультурных сувязей з краінамі – удзельніцамі СНД і набудзе яшчэ большую вядомасць у свеце.

Даведацца пра невядомыя факты з гісторыі Брэста, адчуць подых мінулых стагоддзяў і рытм сённяшняга часу, а таксама ўбачыць дасягненні абласнога горада дапаможа святочная выстаўка “Тысячагадовы Брэст – культурная сталіца СНД”. Экспазіцыю складаюць тры тэматычныя раздзелы: “Брэст гістарычны”, “Брэст гераічны”, “Брэст сучасны”, дзе прадстаўлена больш за 60 выданняў пра гістарычнае мінулае і сучаснае горада. Гэта навукова-папулярныя і мастацкія выданні, маляўнічыя альбомы з відамі горада, каталогі, турыстычныя буклеты, брашуры з выявамі гістарычных мясцін і помнікаў Брэста.

Таксама на выстаўцы прадстаўлены: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах; фотаальбом “Музеі Беларусі”, дзе паказаны адзіны ў свеце музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада – “Археалагічны музей «Бярэсце»”; адно з першых выданняў кнігі “Брэсцкая крэпасць” пісьменніка-франтавіка С.С. Смірнова.

Экспазіцыя будзе цікавая шырокаму колу наведвальнікаў бібліятэкі: гісторыкам, культуролагам, кнігазнаўцам, бібліёграфам, а таксама тым, хто вывучае гісторыю і духоўную спадчыну Беларусі.


Выстаўка размешчана на 3-м паверсе кальцавога калідора і будзе доўжыцца з 20 чэрвеня да 10 снежня 2019 года.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.




Бібліятэкарам