Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 13 чэрвеня па 13 жніўня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць выстаўка “Моцарт Елісейскіх палёў”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння французскага кампазітара, тэатральнага дырыжора, віяланчэліста Жака Афенбаха.
Жак Афенбах (1819–1880) быў адным з самых адораных кампазітараў XIX стагоддзя. Толькі працаваў ён зусім у іншым жанры, чым кампазітары таго перыяду. Гэта быў бліскучы музычны фельетаніст, сатырык-буф, імправізатар, музычны трансфарматар і прэстыдзіжытатар, які бездакорна ведаў патрабаванні і густы сваёй публікі, але ў той жа час ўмеў захаваць уласную творчую індывідуальнасць.
Музыка кампазітара падкупляе прастатой і празрыстасцю. Ён пазбягаў усяго складанага і рафінаванага. Нездарма Афенбаха называлі “Моцартам Елісейскіх палёў”, параўноўваючы з вялікім аўстрыйскім музыкантам па лёгкасці і вытанчанасці стылю.
Афенбах з’яўляецца родапачынальнікам аперэты ў Францыі, гэты жанр і стаў галоўным у яго творчасці. Асноўную частку экспазіцыі займае калекцыя нот твораў кампазітара, сярод якіх шматлікія пералажэнні для розных інструментаў, якія гавораць аб папулярнасці музыкі Афенбаха. З імі пазнаёмяць зборнікі “Классика на ударных” для ансамбля ўдарных інструментаў, “От Баха до Оффенбаха” для баяна і акардэона, “Нотный альбом” для скрыпкі і фартэпіяна, “Отрывки из оперетт зарубежных авторов” для сяміструннай гітары, “Популярная музыка” для ансамбля рускіх народных інструментаў, “Любимые мелодии” і “В городском саду” для духавога аркестра, а таксама нотныя выданні для фартэпіяна, шасціструннай гітары і многія іншыя.
Не менш цікавыя прадстаўленыя на выстаўцы аўдыядакументы: “Жак Афенбах” з серыі “Залатая калекцыя”, опера “Казкі Гофмана”, оперы-буф “Чароўная Алена” і “Перыкола”, опера-феерыя “Арфей у пекле”, опера-комік “Рабінзон Круза” і іншыя.
Экспазіцыю дапаўняюць кнігі і артыкулы з перыядычных выданняў, якія дазваляюць больш поўна вывучыць жыццё і творчасць французскага майстра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 52.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.