Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 28 мая па 26 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстаўка “Сучасны спорт з пазіцыі права”, прымеркаваная да II Еўрапейскіх гульняў.
Спорт – адна з найважнейшых сфер грамадскага жыцця. Спартыўныя дасягненні грамадзян канкрэтнай дзяржавы заўсёды лічыліся індыкатарам яе моцы, сацыяльнай сістэмы, узроўнем патэнцыялу краіны ў цэлым. Спартыўныя спаборніцтвы прыцягваюць увагу ўсё большай колькасці людзей, у спорт укладваюцца значныя грашовыя сродкі. Адпаведна павышаюцца патрабаванні да арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў, работы іх удзельнікаў, з’яўляецца патрэба ў больш выразным прававым рэгуляванні адносін у сферы спорту. Сёння вынікі міжнародных спаборніцтваў залежаць не толькі ад поспехаў і вынікаў спартсменаў, але і ад юрыдычнага тлумачэння гэтых вынікаў і ўзніклых пры гэтым калізій.
Зараз у прававой сістэме Беларусі створаны значны масіў прававых прадпісанняў – норм заканадаўчага, падзаконнага і лакальнага ўзроўняў аб урэгуляванні грамадскіх адносін у галіне фізічнай культуры, масавага спорту, спорту вышэйшых дасягненняў, прафесійнага спорту і іншых галін фізкультурна-спартыўнага руху, а таксама ў сумежных з імі сферах грамадскай дзейнасці. Асноўным нарматыўна-прававым актам, які рэгламентуе спартыўную галіну ў нашай краіне, з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 г., № 125-З у рэд. ад 09.01.2018 г. “Аб фізічнай культуры і спорце”.
Працэс сістэмнага ўдасканалення нарматыўна-прававой базы фізічнай культуры і спорту працягваецца. Спартыўная сфера ў Рэспубліцы Беларусь не можа эфектыўна функцыянаваць без уліку міжнароднага вопыту. Падтрымліваючы міжнародны прынцып нецярпімасці да допінгу, у 2018 годзе быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая № 201 “Аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце”. Пры правядзенні II Еўрапейскіх гульняў дзяржава зыходзіць з доўгатэрміновых інтарэсаў нацыі: стварэнне новых, больш якасных умоў для заняткаў фізкультурай і спортам, прапаганды здаровага ладу жыцця і аздараўленне ўсёй нацыі.
Выстаўка рэкамендуецца юрыстам, спартсменам, навуковым работнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам юрыдычных і спартыўных ВНУ, а таксама ўсім, хто цікавіцца развіццём спартыўнага права.
Экспазіцыя налічвае каля 70 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, аўтарэфераты дысертацый.
Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Спартыўнае права як комплексная галіна права
- Вырашэнне спартыўных спрэчак у Рэспубліцы Беларусь
- Юрыдычная, дысцыплінарная, крымінальная і іншая адказнасць у спорце
- Асаблівасці рэгулявання працы спартсменаў і трэнераў
- Прававое рэгуляванне барацьбы з допінгам у спорце
- Кіраванне спортам вышэйшых дасягненняў у замежных краінах
Карысныя спасылкі:
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017)293 27 28.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.