ГалоўнаяМерапрыемствыКасмічныя вандроўкі
Літаратурная гадзіна: як абраць дзецям цікавы часопіс
Нацыянальная бібліятэка на “ТІБО-2019”

Касмічныя вандроўкі

Касмічныя вандроўкі
Іншыя мерапрыемствы
8 – 28 красавіка
Дата правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 8 па 28 красавіка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Касмічныя вандроўкі”, прысвечаная Дню касманаўтыкі.

Са старажытных часоў погляды людзей накіроўваліся ў таямнічае і чароўнае зорнае неба. Сонца і Месяц, планеты і сузор’і вабілі сваёй невядомасцю і выклікалі мноства пытанняў. З часам заслона касмічнай таямніцы пачала прыадчыняцца з дапамогай астраноміі і навуковых адкрыццяў выбітных вучоных: Піфагора, Арыстоцеля, К. Пталемея, М. Каперніка, Г. Галілея, І. Кеплера, І. Ньютана, А. Эйнштэйна...

У сярэдзіне ХХ стагоддзя мары пра космас сталі рэальнасцю: у 1957 годзе Сяргей Каралёў запусціў першы штучны спадарожнік Зямлі, а 12 красавіка 1961 года Юрый Гагарын здзейсніў першы арбітальны палёт.

Астраномія, нябесныя целы і касмічныя падарожжы прыцягвалі ўвагу не толькі вучоных. На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі карцін мастакоў розных эпох і стыляў, сярод якіх “Млечны шлях” Тынтарэта, “Астраном” Вермеера, “Зорная ноч” Ван Гога, цыкл “Стварэнне свету” М. Чурлёніса, “Новая планета” К. Юона, серыя “Прастора” Н. Ганчаровай, ілюстрацыі Сент-Экзюперы да яго аповесці-казкі “Маленькі прынц”. Наведвальнікі ўбачаць рэпрадукцыі твораў савецкіх мастакоў, сведак і сучаснікаў зараджэння касмічнай эры: А. Дэйнекі, Ю. Пахадаева, В. Васіленкі, В. Віктарава. Цікавасць выклічуць выяўленчыя матэрыялы, якія прадстаўляюць работы касманаўтаў А. Лявонава і У. Джанібекава.

Тэма космасу атрымала яркае ўвасабленне і ў беларускім мастацтве, у прыватнасці, у творчасці Язэпа Драздовіча. Прыцягнуць увагу альбомы рэпрадукцый, манаграфіі, артыкулы пра мастака, а таксама яго ўнікальная кніга “Нябесныя бегі” – першае даследаванне па астраноміі на беларускай мове. Таксама будзе прадстаўлена інфармацыя аб “касмічным скульптары” Іване Міско і галерэі створаных ім вобразаў заваёўнікаў космасу.

У экспазіцыю ўключаны шэраг артыкулаў пра ўвасабленне касмічнай тэматыкі ў кінамастацтве на прыкладзе фільмаў “Зорныя войны”, “Гравітацыя”, “Гагарын. Першы ў космасе”, “Салют-7”, “Час першых”.

Дапаўняюць выстаўку маляўнічыя фотаальбомы з унікальнымі фатаграфіямі з Міжнароднай касмічнай станцыі, а таксама астрафатаграфіі беларускага астранома Віктара Малышчыца.

Усяго экспазіцыя налічвае больш за 50 дакументаў.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Спіс літаратуры

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам