ГалоўнаяМерапрыемствыКодэкс Напалеона: яго мінулае і будучыня
Адчуванне шчасця
Фінішуе фотапраект “Я сэрцам бачу”

Кодэкс Напалеона: яго мінулае і будучыня

Кодэкс Напалеона: яго мінулае і будучыня
Іншыя мерапрыемствы
26 сакавіка – 27 мая
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207b
Месца правядзення

З 26 сакавіка па 27 мая ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстаўка “Кодэкс Напалеона: яго мінулае і будучыня”, прымеркаваная да 215-годдзя прыняцця Грамадзянскага кодэкса Францыі.

У 1804 г. уступіў у сілу Грамадзянскі кодэкс Францыі, дзеючы і дагэтуль. Кодэксу наканавана было распаўсюдзіцца далёка за межамі Францыі і аказаць уплыў на фарміраванне грамадзянскага права многіх краін свету. Звод законаў быў распрацаваны пад непасрэдным кіраўніцтвам Напалеона I. Да прыняцця кодэкса Францыя была фактычна пазбаўлена адзінага грамадзянскага заканадаўства: у паўднёвых раёнах пераважала рымскае права, на поўначы – звычайнае права. Стварэнне адзінага зводу грамадзянскіх правоў было абвешчана адной з найпершых задач Вялікай французскай рэвалюцыі. Першы консул таксама ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы. Дзяржсавет абмяркоўваў праект кодэкса на 102 пасяджэннях, і па меншай меры на 57 з іх старшынстваваў і прымаў актыўны ўдзел Напалеон. Праект быў падрыхтаваны за 4 месяцы і накіраваны на водгук вышэйшым судам. У 1807 г. збор законаў атрымаў афіцыйную назву “Кодэкс Напалеона”.

Грамадзянскі кодэкс Францыі адкрыў у сферы сусветнай юрыспрудэнцыі эпоху Новага часу. Ідэі свабоды, роўнасці і братэрства ён пераклаў на мову прававых адносін. Ліквідаваліся саслоўі і прывілеі па праве нараджэння, прызнаваліся роўныя грамадзянскія правы за мужчынамі і жанчынамі, забяспечвалася абарона ўсіх відаў уласнасці ад знешніх замахаў, забаранялася грашовае ліхвярства. Грамадзянскі кодэкс увёў цэлы шэраг наватарскіх змен у акты грамадзянскага стану і працоўнага права. Велізарны па аб’ёме юрыдычны акт налічваў 2 281 артыкул і быў падзелены на тры кнігі.

Кодэкс Напалеона за высокія прававыя годнасці стаў узорам для заканадаўцаў многіх краін. Ён быў уведзены ў дзеянне ў калоніях Францыі. Прынялі гэты звод законаў і дзяржавы, саюзныя Францыі, і залежныя ад яе (Італія, Бельгія, Германія, Нідэрланды і інш.) Некаторыя краіны, якія не належалі да раманскай прававой сістэмы (Егіпет і Асманская імперыя), таксама ўзялі за ўзор французскі кодэкс. У Расійскай імперыі цэлае стагоддзе ён дзейнічаў на тэрыторыі Царства Польскага. Знакаміты рэфарматар М. Спяранскі запазычыў некаторыя яго нормы пры складанні праекта Грамадзянскага ўлажэння 1809 г.

Больш чым праз два стагоддзі пасля прыняцця Кодэкс Напалеона не толькі працягвае аказваць уплыў на прававыя сістэмы дзяржаў, але і служыць генератарам новых палітыка-прававых ідэй і канцэпцый. Ён даўно перарос межы права і стаў здабыткам гісторыі і культуры агульнасусветнага значэння.

Экспазіцыя налічвае больш за 60 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, аўтарэфераты дысертацый на рускай і французскай мовах.

Выстаўка прызначана для навуковых работнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў юрыдычных і гістарычных факультэтаў, таксама будзе карысная і тым, хто мае дачыненне да сферы культурна-эканамічнага і навуковага супрацоўніцтва з Францыяй.

Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Напалеон на ніве грамадзянскага правазнаўства і заканадаўства
  • Уплыў Кодэкса Напалеона 1804 г. на развіццё грамадзянскага права еўрапейскіх краін
  • Асноўныя інстытуты Грамадзянскага кодэкса Францыі 1804 г.
  • Грамадзянскі кодэкс Напалеона ў гістарычным і сучасным аспектах

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Спіс літаратуры

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.


Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам