ГалоўнаяМерапрыемствыРазам на карысць міру!
Напярэдадні Дня бібліятэк у канферэнц-зале “алмаза ведаў” павіншавалі лепшых па прафесіі
Паміж святлом і цемрай

Разам на карысць міру!

Разам на карысць міру!
Іншыя мерапрыемствы
14 верасня – 17 кастрычніка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
аддзел абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207)
Месца правядзення

З 14 верасня па 17 кастрычніка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “Разам на карысць міру!”, прысвечаная Міжнароднаму дню міру.

Гэты Дзень быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН (рэзалюцыя A/RES/36/67) у 1981 годзе і штогод адзначаецца 21 верасня.

Мір – галоўная каштоўнасць для любога чалавека. Абараняць яго ідэалы, умацоўваць сяброўскія адносіны паміж дзяржавамі, сумеснымі намаганнямі працаваць на ўстанаўленне міру ва ўсім свеце – галоўныя прынцыпы, якімі кіравалася ААН, зацвярджаючы гэтае свята.

Падзеі апошніх гадоў – войны, тэрарызм, ваенныя расходы, глыбокія супярэчнасці, што раздзяляюць народы і асобных людзей ва ўсім свеце, абумовілі беспрэцэдэнтную актуальнасць Міжнароднага дня міру сёння.

ААН прапануе ўсім краінам і народам у гэты Дзень спыняць усе ваенныя дзеянні і адзначаць яго правядзеннем адукацыйных і грамадскіх інфармацыйных акцый па праблемах міру.

Святкаванне Міжнароднага дня міру суправаджаецца рознымі мерапрыемствамі, аднак нязменнай з’яўляецца цырымонія каля Звона міру. Яна традыцыйна адкрываецца зваротам Генеральнага сакратара ААН, пасля якога ён ударае ў звон. Затым пачынаецца хвіліна маўчання. Звон міру быў падораны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Японіяй у чэрвені 1954 года. Ён адліты з манет, сабраных дзецьмі з 60 краін. Надпіс на звоне абвяшчае: “Няхай жыве ўсеагульны мір ва ўсім свеце”, і штогод 21 верасня людзі ва ўсім свеце збіраюцца, каб зноў пацвердзіць гэтую думку, памянуць ахвяр канфліктаў і заявіць пра гатоўнасць прысвяціць сябе будаўніцтву больш бяспечнага і больш справядлівага свету.

17 мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця былі аднагалосна прыняты 193 дзяржавамі – членамі ААН на гістарычным саміце кіраўнікоў дзяржаў, які прайшоў у Нью-Ёрку ў верасні 2015 года. Яны ўніверсальныя і прымянімыя да ўсіх краін. Мэта 16 прадугледжвае садзейнічанне будаўніцтву міралюбівых і адкрытых грамадстваў у інтарэсах устойлівага развіцця, забеспячэнне доступу да правасуддзя для ўсіх і стварэнне эфектыўных, падсправаздачных устаноў на ўсіх узроўнях. Аднак тэма міру праходзіць праз усе 17 мэтаў, кожная з іх – адзін з элементаў глабальнай архітэктуры свету. Рэалізацыя гэтых мэтаў мае вырашальнае значэнне для забеспячэння міру і ўсеагульнага росквіту.

Кожны год Дзень міру прысвечаны пэўнай тэме. Тэма 2018 года – “Права на мір: 70 гадоў Усеагульнай дэкларацыі праў чалавека”.

Дэкларацыя, прынятая амаль адразу ж пасля бесчалавечнай Другой сусветнай вайны, якая парушыла ўсе магчымыя правы, у тым ліку і права на жыццё мільёнаў людзей, стала першым сусветным дакументам, які сфармуляваў палажэнні аб правах чалавека. Яна была складзена прадстаўнікамі і ўхвалена лідарамі краін усіх кантынентаў, якія, кажучы словамі з прэамбулы Дэкларацыі, цалкам усвядомілі, што “грэбаванне i пагарда да праў чалавека прывялі да варварскіх актаў, якія абураюць сумленне чалавецтва”. Яна была прынята з мэтай прадугледзець не толькі грамадзянскія і палітычныя, але таксама сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы пры поўным разуменні таго, што развіццё без праў чалавека немагчыма, як і немагчыма поўнае ажыццяўленне праў чалавека без развіцця, а свет, стабільнасць і бяспека залежаць і ад таго, і ад другога.

Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае больш за 100 дакументаў, якія раскрываюць работу міжнародных арганізацый, урадавых і няўрадавых устаноў і груп у галіне падтрымання міру і бяспекі. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН.

Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Міжнародныя пагадненні і міжнародна-прававыя дакументы па падтрыманні міру і бяспекі
  • Раззбраенне, ядзернае раззбраенне
  • Аперацыі па падтрыманні міру, міратворчасць і мірабудаўніцтва
  • Барацьба з тэрарызмам і ядзерным тэрарызмам
  • Правы чалавека і падтрыманне міру
  • Дэмакратызацыя і культура міру

Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у галіне сусветнай палітыкі, дыпламатыі, міжнародных адносін, міжнароднага права, канфлікталогіі, а таксама студэнтам, магістрантам, палітычным і грамадскім дзеячам і ўсім, каму дарагі мір на Зямлі.

Карысныя спасылкі

Дакументы

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Мерапрыемствы

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам