ГалоўнаяМерапрыемствыМоладзь – наша надзея, наша будучыня
“Я сэрцам бачу”: трэці этап выставачнага праекта да Года малой радзімы
Майстар-клас дзіцячага пакоя па фларыстыцы

Моладзь – наша надзея, наша будучыня

Моладзь – наша надзея, наша будучыня
Іншыя мерапрыемствы
7 жніўня – 13 верасня 2018
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
аддзел абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207)
Месца правядзення

З 7 жніўня па 13 верасня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “Моладзь – наша надзея, наша будучыня”, прысвечаная Міжнароднаму дню моладзі.

Гэты Дзень быў заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН 17 снежня 1999 года (рэзалюцыя 54/120) і штогод адзначаецца 12 жніўня пачынаючы з 2000 года. Свята было ўстаноўлена па прапанове Сусветнай канферэнцыі міністраў па справах моладзі, якая адбылася ў Лісабоне ў жніўні 1998 года.

Галоўная мэта Міжнароднага дня моладзі – рашэнне праблем сучасных маладых людзей – самай актыўнай і мабільнай часткі грамадства, якая хутчэй адаптуецца да змен і лягчэй засвойвае новыя веды.

Моладзь – сацыяльна-дэмаграфічная група, якая мае сацыяльныя і псіхалагічныя рысы, абумоўленыя ўзроставымі асаблівасцямі маладых людзей, працэсам станаўлення іх духоўнага свету, спецыфікай становішча ў сацыяльнай структуры грамадства. Крытэрыі ўзросту маладосці не з’яўляюцца дакладнымі. Звычайна да моладзі адносяць людзей ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў. Аднак у залежнасці ад сацыяльна-эканамічных і іншых фактараў ніжняя і верхняя межы могуць быць ссунутыя. Класіфікацыя ААН адносіць да моладзі юнакоў і дзяўчат да 24 гадоў. У свеце пражывае 1,8 млрд маладых людзей пры агульнай колькасці насельніцтва свету ў 7,3 млрд чалавек.

Прызнаючы, што маладое пакаленне ва ўсіх краінах з’яўляецца галоўным людскім рэсурсам для развіцця, станоўчых сацыяльных змен і тэхналагічных інавацый, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый заўсёды надавала вялікую ўвагу вырашэнню праблем і задач моладзі на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

У 1985 годзе ААН правяла першы Міжнародны год моладзі. Праз дзесяць гадоў Генеральная асамблея прыняла Сусветную праграму дзеянняў, якая датычыцца моладзі, што замацавала асновы палітыкі і прынцыпы дзейнасці асобных дзяржаў і падтрымкі гэтай дзейнасці сусветнай супольнасцю ў мэтах паляпшэння жыцця маладога пакалення. Праграма была пашырана ў 2007 годзе (рэзалюцыя Генеральнай асамблеі 62/126 ад 18 снежня 2007 года).

Сёння Сусветная праграма адыгрывае ключавую ролю ў развіцці моладзі. Яна прысвечана мерам па ўзмацненні дзейнасці дзяржаў у дачыненні да маладога пакалення, а таксама крокам па павышэнні якасці і пашырэнні магчымасцей, даступных маладым людзям, каб яны маглі прымаць усебаковы, эфектыўны і канструктыўны ўдзел у жыцці грамадства.

Кожны год мерапрыемствы, прысвечаныя Дню моладзі, сярод якіх разнастайныя канцэрты, выстаўкі, канферэнцыі, семінары, праходзяць пад пэўным дэвізам. Тэма Міжнароднага дня моладзі 2018 года – “Бяспечныя прасторы для моладзі”.

Маладыя людзі маюць патрэбу ў бяспечных прасторах, дзе яны могуць збірацца разам, займацца дзейнасцю, звязанай з іх патрэбамі і інтарэсамі, удзельнічаць у працэсах прыняцця рашэнняў і свабодна выказваць свае думкі.

Прапанаваная тэматычная выстаўка раскрывае сацыяльныя, культурныя, эканамічныя і палітычныя аспекты становішча моладзі ў сучасным грамадстве. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 выданняў: публікацыі замежных і айчынных аўтараў, дакументы міжнародных арганізацый на рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах.

Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Моладзь у сучасным свеце
  • Міжнародныя прававыя дакументы і праграмы, якія датычацца моладзі
  • Адукацыя моладзі
  • Моладзь і рынак працы
  • Здароўе моладзі
  • Дзяржаўная маладзёжная палітыка Рэспублікі Беларусь

Выстаўка будзе цікавая выкладчыкам, навуковым работнікам, аспірантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца пытаннямі маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне і свеце.

Карысныя спасылкі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.



Бібліятэкарам