ГалоўнаяМерапрыемствыІ застанецца песняй у народзе
Каляровыя дні
Дружба – вялікі дар

І застанецца песняй у народзе

І застанецца песняй у народзе
Іншыя мерапрыемствы
26 ліпеня – 7 верасня 2018
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення

З 26 ліпеня па 7 верасня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць выстаўка “І застанецца песняй у народзе”, прысвечаная 80-годдзю беларускага кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка.

Народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і Польшчы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, уладальнік ордэна Францыска Скарыны і кубка “Гонар нацыі”, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, Ігар Лучанок з’яўляецца адным з выбітных кампазітараў нашага часу.

Панарама творчых дасягненняў кампазітара здзіўляе сваёй шырынёй і неабсяжнасцю мастацкіх пошукаў. Ігар Лучанок упісаў яркую старонку ў гісторыю песеннай культуры XX стагоддзя, стварыўшы каларытныя і змястоўныя творы, якія дэманструюць высокае майстэрства і сталасць творчага мыслення. Песні І. Лучанка ўвайшлі ў залаты фонд беларускай музычнай культуры, адкрыўшы новую грань у гэтым жанры музычнага мастацтва. Іх выконваюць артысты беларускай і расійскай эстрады, творы кампазітара пастаянна гучаць як на яго радзіме, так і далёка за межамі Беларусі.

Песні Ігара Міхайлавіча прыцягваюць лірыка-рамантычным тонусам і ахопліваюць вельмі шырокі спектр тэматыкі. На выстаўцы прадстаўлены аўдыязапісы і ноты да песень “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, у якіх патрыятызм і грамадзянскасць спалучаюцца з пранікнёным лірызмам і сардэчнасцю.

Глыбінёй зместу адрозніваюцца песні, прысвечаныя ваеннай тэматыцы. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з першым творам І. Лучанка, які ўвасабляе тэму Вялікай Айчыннай вайны, – кантатай “Солдатское сердце”, а таксама з вядомымі песнямі “Салаўі Хатыні”, “Письмо из 45-го”, “Память сердца”, “Курган Cлавы”, “Майский вальс” і інш.

У многіх творах кампазітар раскрывае сваю творчую натуру як узнёслы лірык, апяваючы любоў і жаночую прыгажосць. Прыкладам могуць служыць “Вераніка”, “Алеся”, “Зачараваная мая”, “Танго нашей любви”, “И пока на земле существует любовь” і інш.

Жанравы дыяпазон Ігара Лучанка не абмяжоўваецца песеннай творчасцю, а распасціраецца ад вакальнай мініяцюры, камерна-інструментальнай музыкі да буйнога вакальна-сімфанічнага жанру. На выстаўцы прадстаўлены нотныя выданні твораў кампазітара для рознага інструментальнага складу: “Соната для скрипки и фортепиано”, “Прелюдии для фортепиано”, “Скерцо для цимбал и фортепиано”, а таксама хоры на словы беларускіх паэтаў.

Дапаўняюць экспазіцыю кнігі пра юбіляра і яго творчасць, а таксама артыкулы, апублікаваныя ў перыядычных выданнях.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 52.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам