14 лютага ў галерэі “Ракурс” (2-гі паверх) адкрыецца выстаўка “Маляўнічыя арнаменты родных моў”.
У велізарным свеце – каля сямі тысяч разнастайных моў! Аднак колькасць “жывых моў” скарачаецца з сярэдняй хуткасцю адна ў два тыдні. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з іх у бліжэйшы час можа страціць апошніх носьбітаў. Каб абараніць знікаючыя мовы і захаваць разнастайнасць культур, кожны год 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
У межах святкавання гэтай важнай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з грамадскім аб'яднаннем украінцаў “Ватра”, Мінскім грамадскім аб'яднаннем украінцаў “Заповіт” і Таварыствам дружбы народаў “Беларусь – Україна” падрыхтавала выставачны праект. Яго ідэя − паказаць багацце, прыгажосць і непаўторнасць беларускай і ўкраінскай моў, іх непарыўную сувязь з народнай творчасцю, падкрэсліць лейтматыў мовы ў вышыўцы, жывапісе і друкаваным слове.
Вышыўка будзе прадстаўлена ручнікамі ўкраінскіх майстрых, удзельніц шматлікіх выставак Алены Дудко, Мар’яны Жукоўскай, Іны Мох, Надзеі Німко і інш. На мове арнаментаў экспазіцыя раскажа аб унікальнай культуры ўкраінскага народа. Праект падтрыманы выхадам у свет друкаванага альбома “Украінская вышыўка – духоўная і культурная спадчына ўкраінцаў у Беларусі”.
Другая частка выстаўкі – жывапісныя работы мастачкі Алены Васільевай, якія на мове колеру і святла распавядуць пра маляўнічасць роднай прыроды і краявідаў.
Трэцяй часткай экспазіцыі стане кніжная выстаўка-прагляд “Родная мова – крыніца натхнення”, якая прадставіць увазе гасцей каля 40 выданняў, прысвечаных хараству роднай мовы.
Запрашаем этнографаў, лінгвістаў, мовазнаўцаў, мастакоў, прыхільнікаў народнага мастацтва, аматараў пейзажаў і жывапіснай лірыкі далучыцца да Міжнароднага дня роднай мовы і наведаць галерэю “Ракурс” да 21 лютага 2018 года.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Адкрыццё выстаўкі – 14 лютага а 16-й гадзіне.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 266 37 37.
Е-mail: pr@nlb.by
Чытайце таксама пра адкрыццё выстаўкі "Маляўнічыя арнаменты родных моў".