ГалоўнаяБiблiятэкарамСавет бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянніАб савеце

Аб савеце

Савет бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні заснаваны па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў лютым 2009 года. Савет з’яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, створаным пры Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, якая, у адпаведнасці з падпунктам 2.2, пункта 2, артыкула 138 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, з’яўляецца рэспубліканскім цэнтрам па каардынацыі і кааперацыі дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў.

Мэты стварэння Савета – вызначэнне прыярытэтных напрамкаў інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк; каардынацыя і кааперацыя бібліятэк Рэспублікі Беларусь па ініцыіраванні і рэалізацыі нацыянальных і міжнародных праектаў, у тым ліку ў рамках міжнароднага кансорцыума eIFL.net; павышэнне якасці абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк праз забеспячэнне доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў адукацыйнага, культурнага і навукова-даследчага характару; пашырэнне прафесійных кантактаў бібліятэк Беларусі з замежнымі бібліятэкамі.

Савет складаецца з дырэктараў бібліятэк рэспубліканскага і абласнога значэння, якія выконваюць функцыі метадычных цэнтраў і прымаюць удзел у рэалізацыі праектаў, ініцыіраваных у рамках дзейнасці Савета (адзін прадстаўнік ад кожнай бібліятэкі), і сакратара.

Старшынёй Савета з’яўляецца генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Выканаўчым органам Савета з’яўляецца выканаўчы камітэт. Камітэт ствараецца для каардынацыі праектнай дзейнасці Савета па асноўных напрамках інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк краіны, рашае бягучыя пытанні ўзаемадзеяння бібліятэк, каардынуе дзейнасць кіраўнікоў рабочых груп.

Бібліятэкарам