ГалоўнаяБiблiятэкарамНавуковыя даследаванні: методыка правядзенняПадрыхтоўчы этап

1-ы этап. Падрыхтоўчы

Глыбока прадуманы і адпрацаваны ва ўсіх састаўных частках падрыхтоўчы этап забяспечвае высокую каштоўнасць інфармацыі, што будзе атрымана ў выніку даследавання. На гэтым этапе ўдакладняецца тэма, складаецца праграма даследавання, вызначаецца выбарка, распрацоўваецца інструментарый, складаюцца графікі работ, праводзяцца арганізацыйныя мерапрыемствы, вырашаюцца пытанні, звязаныя з матэрыяльна-тэхнічным абсталяваннем даследавання.

Для таго, каб правільна правесці сацыялагічнае даследаванне, неабходна распрацаваць праграму, у якой павінна быць выкладзена агульная канцэпцыя даследавання. Праграма ўключае наступныя этапы:

  1. Вызначэнне праблемы

    Непасрэднай падставай да правядзення практычна арыентаванага сацыялагічнага даследавання служыць рэальна існуючая супярэчнасць у развіцці сацыяльнага арганізма (у нашым выпадку – бібліятэкі). Апісанне праблемнай сітуацыі можа выглядаць, напрыклад, як вызначэнне супярэчнасцей у развіцці бібліятэкі; супярэчнасцей у патрабаваннях, што мае бібліятэка з боку карыстальнікаў і рэальнымі магчымасцямі бібліятэкі; супярэчнасцей паміж функцыямі бібліятэк у разуменні бібліятэкараў і сучаснымі патрэбамі грамадства. Вызначыць навуковую праблему даследавання – не заўсёды простая задача. Вельмі важна абдумана падыходзіць да фармулёўкі тэмы даследавання, каб заяўленая тэма сапраўды адлюстроўвала наяўную праблему.

  2. Выяўленне аб’екта даследавання

    Аб’ект – гэта тая галіна сацыяльнай рэчаіснасці, якая ўтрымлівае пэўныя сацыяльныя супярэчнасці (г.зн. з’яўляецца носьбітам праблемнай сітуацыі) і на якую накіраваны працэс пазнання. Іншымі словамі тое, на што накіравана даследаванне.

  3. Выяўленне прадмета даследавання

    Прадмет – гэта ўласцівасці, бакі, асаблівасці аб’екта, якія ў найбольш поўным выглядзе выяўляюць праблему даследавання і падлягаюць вывучэнню.

  4. Вызначэнне мэты даследавання

    Мэта даследавання павінна арыентаваць на канчатковы вынік даследавання.

  5. Вызначэнне задач

    Задачы даследавання – неабходныя сродкі рэалізацыі пастаўленай мэты. Немагчыма ў адным даследаванні вырашыць далёка разнесеныя задачы. Яны павінны канкрэтызаваць мэту даследавання, задаваць рамкі.

  6. Вылучэнне гіпотэз

    Гіпотэза – навуковае меркаванне аб стане аб’екта, аб структуры сувязей паміж элементамі, што яго складаюць. Калі мэта даследавання – гэта пытанне, то гіпотэза – мяркуемы адказ на гэтае пытанне. Падчас даследаванняў гіпотэза можа пацвердзіцца, а можа быць аспрэчана. Галоўныя патрабаванні да гіпотэзы – навуковая абгрунтаванасць, адпаведнасць раней вызначаным фактам, прынцыповая правяральнасць.

  7. Інтэрпрэтацыя паняццяў

    Інтэрпрэтацыя паняццяў – працэдура вытлумачэння, удакладнення сэнсу паняццяў, што складаюць канцэптуальную схему даследавання.

На падрыхтоўчым этапе вызначаецца таксама выбарка даследавання. Пасля таго, як распрацавана праграма, вызначана выбарка даследавання, неабходна пачаць распрацоўку інструментарыя даследавання, што адпавядае абранаму метаду збору інфармацыі.

Бібліятэкарам