ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыМетадычныя рэкамендацыі па арганізацыі павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў

Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў

  1. Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў (далей – метадычныя рэкамендацыі) распрацаваны на падставе вынікаў навуковага даследавання “Распрацаваць праграму і інструментарый навуковага даследавання дзейнасці спецыялістаў і кіруючых работнікаў публічных бібліятэк у кантэксце новых патрабаванняў да комплексу прафесійных кампетэнцый, стварыць навукова-практычныя рэкамендацыі па аптымізацыі сістэмы развіцця працоўных рэсурсаў“, праведзенага дзяржаўнай установай “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”.
     
  2. Метадычныя рэкамендацыі вызначаюць парадак арганізацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў і кіраўнікоў бібліятэк Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да іх прафесійнай падрыхтоўкі.
     
  3. Метадычныя рэкамендацыі распрацаваны ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі:

    • Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 296-З;
    • Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, зацверджаным 20 ліпеня 2016 г. № 413-З;
    • Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь (АКРБ 011–2009), зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 36;
    • Кваліфікацыйным даведнікам “Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2001 г. № 25;
    • Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 2 студзеня 2012 г. № 1 “Аб зацвярджэнні агульных палажэнняў адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых”;
    • Палажэннем аб бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2011 г. № 954;
    • Тыповым палажэннем аб атэстацыі кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2010 г. № 784;
    • Мадэльным бібліятэчным кодэксам для дзяржаў – удзельніц СНД, прынятым на дваццаць другім пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД (пастанова № 22-12 ад 15 лiстапада 2003 г.);
    • Кіраўніцтвам ІФЛА / ЮНЕСКА па развіцці службы публічных бібліятэк, падрыхтаваным Міжнароднай федэрацыяй бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў і Расійскай бібліятэчнай асацыяцыяй, выкладзеным у рэдакцыі 2011 г.
     
  4. Для мэт дадзеных рэкамендацый прымяняюцца тэрміны ў наступных значэннях:
    • базавыя прафесійныя кампетэнцыі – група кампетэнцый, якая грунтуецца на інтэлектуальных, камунікатыўных, эмацыянальных і валявых якасцях чалавека. Яны з’яўляюцца падмуркам, на якім будуецца яго прафесійная дзейнасць;
    • кампетэнтнасць – выяўленая здольнасць прымяняць свае веды і ўменні;
    • кампетэнцыя – веды, уменні і вопыт, неабходныя для вырашэння тэарэтычных і практычных задач;
    • бесперапынная прафесійная адукацыя кіруючых работнікаў і спецыялістаў – адукацыя, накіраваная на прафесійнае ўдасканаленне, засваенне новых метадаў, тэхналогій і элементаў прафесійнай дзейнасці, фарміраванне прафесійных навыкаў, а таксама прысваенне новай кваліфікацыі на ўзроўнях вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі;
    • прафесійныя кампетэнцыі – сукупнасць сфармаваных і развітых здольнасцей індывіда, неабходных для прафесійнай дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі канкрэтнай вытворчасці і прафесіі;
    • спецыяльныя прафесійныя кампетэнцыі – уменні і навыкі, якія непасрэдна звязаны са сферай прафесійнай дзейнасці чалавека;
    • працоўныя рэсурсы – частка працаздольнага насельніцтва, якае валодае неабходнымі фізічнымі данымі, ведамі і навыкамі працы ў адпаведнай галіне.
     
  5. Павышэнне кваліфікацыі з’яўляецца адным з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры (далей – Кодэкс).
     
  6. Павышэнне кваліфікацыі ў сферы культуры згодна з арт. 13 Кодэкса забяспечвае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
     
  7. Павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры ў адпаведнасці з арт. 43 Кодэкса ажыццяўляецца ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях згодна з заканадаўствам аб адукацыі.
     
  8. Парадак арганізацыі адукацыйнага працэсу пры ажыццяўленні бесперапыннай прафесійнай адукацыі выкладзены ў Палажэнні аб бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2011 г. № 954 (далей – Палажэнне).
     
  9. Дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі згодна з Палажэннем:
    • у межах сваёй кампетэнцыі праводзяць работу па планаванні і арганізацыі бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў;
    • ствараюць галіновыя сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў;
    • забяспечваюць адпаведнасць зместу адукацыйных праграм бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў патрабаванням навукова-тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны.
     
  10. Кіраўнікі арганізацый згодна з Палажэннем:
    • вызначаюць патрэбы кіруючых работнікаў і спецыялістаў у павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы, стажыроўцы і забяспечваюць рэалізацыю іх бесперапыннай прафесійнай адукацыі;
    • арганізуюць навучанне работнікаў у арганізацыі;
    • забяспечваюць захаванне гарантый работнікам, якія накіроўваюцца для засваення зместу адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
    • Паводле нормаў Палажэння бібліятэчныя кіраўнікі і спецыялісты павінны павышаць сваю прафесійную адукацыю не радзей за адзін раз у 5 гадоў.
    • Адпаведна доля бібліятэкараў, якія прынялі ўдзел у мерапрыемствах па павышэнні прафесійнай адукацыі, у кожнай бібліятэчнай установе, штогод павінна складаць не менш за 20 %.
     
  11. Структура сістэмы павышэння кваліфікацыі ў сферы бібліятэчнай справы ўключае арганізацыі рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ), Нацыянальная бібліятэка Беларусі, абласныя бібліятэкі, цэнтральныя бібліятэкі і іншыя.
     
  12. Фарміраванне і рэалізацыю кадравай рэгіянальнай палітыкі разам з органамі дзяржаўнага кіравання ажыццяўляюць бібліятэкі – метадычныя цэнтры, якія забяспечваюць павышэнне кваліфікацыі ў двух напрамках:
    • першы – унутраная метадычная работа па павышэнні кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў;
    • другі – выкананне функцыі метадычнага цэнтра, якое прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў для работнікаў бібліятэк рэгіёна.
     
  13. Курсы павышэння кваліфікацыі, навучанне ў арганізацыях (канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, майстар-класы, прэзентацыі, дзелавыя гульні, самаадукацыя і інш.) з’яўляюцца састаўной часткай бесперапыннай прафесійнай адукацыі.
    Неабходна на месцах укараняць ідэалогію бесперапыннага навучання з выкарыстаннем розных яго формаў – ад самастойнага вывучэння прафесійнага матэрыялу да асваення новых працэсаў. Аднак распаўсюджванне гэтага вопыту немагчыма без распрацоўкі сістэмы ўліку часу, выдаткаванага на самападрыхтоўку, якая павінна стаць састаўной часткай працэсу бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Таму ў індывідуальных планах бібліятэчных работнікаў неабходна прадугледжваць час для самаадукацыі.
     
  14. Для ўзмацнення практычнай накіраванасці ў павышэнні кваліфікацыі бібліятэчных кадраў неабходна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе метады сітуацыйнага праблемнага навучання (майстар-класы, трэнінгі, дзелавыя гульні і інш.), якія дазволяць актывізаваць ініцыятыву ўдзельнікаў пры вырашэнні канкрэтных прафесійных пытанняў. Па магчымасці неабходна прымяняць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі для навучання.
     
  15. Удасканаленне сістэмы дадатковага прафесійнага навучання ўключае залучэнне да выкладчыцкай дзейнасці спецыялістаў-практыкаў з высокім узроўнем прафесійнага майстэрства і добрымі педагагічнымі здольнасцямі.
     
  16. Неабходна стварыць і падтрымліваць умовы для рэалізацыі раўнапраўнага доступу для ўсіх супрацоўнікаў публічных бібліятэк да сістэмы дадатковай прафесійнай бібліятэчнай адукацыі на працягу ўсёй вытворчай дзейнасці.
     
  17. Для павелічэння эфектыўнасці павышэння кваліфікацыі неабходна вызначыць сістэму ацэнкі і заахвочвання работнікаў за вынікі іх працы.
     
  18. Для павышэння матывацыі работнікаў да самаадукацыі неабходна ажыццявіць прывязку пацверджаных вынікаў самаадукацыі да сістэмы матэрыяльных заахвочванняў, прасоўвання кадраў, а таксама нематэрыяльнага стымулявання.
    У дадатак да матывацыі работадаўца павінен забяспечыць доступ работнікаў да самай актуальнай інфармацыі ў прафесійнай галіне. Гэта у першую чаргу айчынныя і замежныя прафесійныя перыядычныя выданні, сучасная прафесійная літаратура, а таксама магчымасць зносін з калегамі на форумах, у сацыяльных сетках і іншых пляцоўках у інтэрнэце.
     
  19. Асновай сістэмы павышэння кваліфікацыі з’яўляецца кампетэнтнасны падыход.
     
  20. Павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў і кіраўнікоў павінна ажыццяўляцца з улікам развіцця комплексу спецыяльных прафесійных кампетэнцый (вытворча-тэхналагічных, навукова-метадычных, навукова-даследчых, арганізацыйна-кіраўнічых і інш.) і ўдасканалення базавых прафесійных кампетэнцый (інфармацыйных, камунікатыўных, асобасна-дзелавых ).
     
  21. Асноўную ўвагу пры складанні адукацыйных праграм і вызначэнні выдавецкай палітыкі варта надаваць групам базавых прафесійных кампетэнцый пры дапамозе ўключэння ў адукацыйныя праграмы, планы выдавецтваў і рэпертуар публікуемых матэрыялаў перыядычных выданняў тэматычных блокаў па кожнай з названых кампетэнцый:
       
    • 21.1. Інфармацыйныя кампетэнцыi:
      • праца з інфармацыяй (пошук, адбор, ацэнка, перапрацоўка); сучасныя сродкі стварэння, захоўвання, апрацоўкі, перадачы і выкарыстання інфармацыі;
      • камп’ютарная пісьменнасць (праца з камп’ютарным і перыферыйным абсталяваннем, засваенне пакета базавых камп’ютарных праграм), інтэрнэт-пісьменнасць (пошук і перадача інфармацыі ў інтэрнэце) і інш.
       
    • 21.2. Камунікатыўныя кампетэнцыі:
      • асноўныя стратэгіі міжасобаснага ўзаемадзеяння;
      • тэхнікі дзелавых зносін;
      • спосабы пераадолення камунікатыўных бар’ераў;
      • аратарскае майстэрства;
      • навыкі карэктнага адстойвання інтарэсаў і захавання канструктыўнай пазіцыі пры зносінах;
      • бесканфліктнае вырашэнне спрэчных пытанняў;
      • тэхнікі рэгуляцыі эмацыйнага стану суразмоўцы;
      • стандарты і этыка дзелавой перапіскі і інш.
       
    • 21.3. Кампетэнцыі асобасна-дзелавога самаўдасканалення. Тэматыка павінна ўключаць матэрыялы, якія спрыяюць адначасоваму задзейнічанню розных механізмаў матывацыі, якія забяспечваюць пераход спецыялістаў ад пасіўнага дэкларавання каштоўнасці дадатковай адукацыі да актыўных дзеянняў у гэтым напрамку.
     
  22. Пры распрацоўцы адукацыйных праграм па павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў публічных бібліятэк нароўні з тэмамі, прыведзенымі ў п. 21, засяроджанымі на развіцці базавай прафесійнай кампетэнцыі, асаблівую ўвагу трэба надаць таксама наступным тэмам:
     
    • 22.1. Кіраванне персаналам бібліятэкі:
      • напрамкі і праблемы стратэгічнага кіравання працоўнымі рэсурсамі бібліятэкі;
      • фарміраванне кадравага складу арганізацыі;
      • развіццё персаналу бібліятэкі; ацэнка персаналу;
      • метады і прыёмы матывацыі і стымулявання працоўнай актыўнасці супрацоўнікаў і інш.
       
    • 22.2. Прававое забеспячэнне інфармацыйна-бібліятэчнай дзейнасці:
      • заканадаўчае забеспячэнне і нарматыўная прававая рэгламентацыя функцыянавання сучаснай бібліятэкі;
      • прававыя асновы адносін у галіне фарміравання і выкарыстання бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў;
      • месца і роля ўнутрыбібліятэчнай лакальнай нарматыўнай дакументацыі ў рэгуляванні паўсядзённых арганізацыйна-прававых адносін і інш.
       
    • 22.3. Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасцю:
      • сістэма арганізацыйна-прававой, арганізацыйна-распарадчай, даведачна-інфармацыйнай дакументацыі бібліятэкі;
      • арганізацыя дакументацыйнага забеспячэння кіравання інфармацыйна-бібліятэчнай дзейнасцю;
      • перспектывы выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у дакументацыйным забеспячэнні кіравання бібліятэкай (электронны дакументаабарот) і інш.
       
  23. Пры распрацоўцы навучальных праграм па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў публічных бібліятэк нароўні з тэмамі, прыведзенымі ў п. 21, якія дэкларуюць развіццё базавых прафесійных кампетэнцый, асаблівую ўвагу трэба надаць таксама наступным тэмам:
       
    • 23.1. Аўтаматызацыя бібліятэчна-інфармацыйных працэсаў:
      • сучасны стан аўтаматызацыі публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь;
      • прынцыпы, стадыі, этапы стварэння аўтаматызаваных бібліятэчна-інфармацыйных сістэм (АБІС);
      • тэхналогія аўтаматызаванага камплектавання фондаў;
      • тэхналогія аўтаматызаванай апрацоўкі дакументаў;
      • электронныя бібліятэчныя каталогі;
      • карпаратыўная каталагізацыя;
      • камунікатыўныя фарматы бібліяграфічнага запісу;
      • ужыванне сеткавых тэхналогій у абслугоўванні карыстальнікаў бібліятэкі і інш.
       
    • 23.2. Фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк:
      • сучасныя тэндэнцыі кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання;
      • мадэляванне фонду бібліятэкі;
      • крыніцы дакументазабеспячэння;
      • электронныя інфармацыйныя рэсурсы;
      • улік, расстаноўка і размяшчэнне бібліятэчных фондаў;
      • захаванасць фондаў бібліятэкі і інш.
       
    • 23.3. Інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне:
      • абслугоўванне карыстальнікаў (асноўныя напрамкі, формы, метады);
      • сацыяльна-псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння карыстальніка і бібліятэкара;
      • фарміраванне інфармацыйнай культуры карыстальнікаў;
      • арганізацыя даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання з выкарыстаннем электронных інфармацыйных рэсурсаў і інтэрнэту;
      • краязнаўства і інш.
       
    • 23.4. Арганізацыя сацыякультурнай дзейнасці ў бібліятэцы:
      • педагагічная сутнасць сацыякультурнай дзейнасці, разнастайныя формы сацыякультурнай дзейнасці;
      • рэжысура бібліятэчных мерапрыемстваў;
      • выставачная дзейнасць бібліятэкі;
      • выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці і інш.
       
    • 23.5. Рэкламна-інфармацыйныя тэхналогіі ў бібліятэчнай дзейнасці:
      • будынак і інтэр’ер бібліятэкі, прастора бібліятэкі;
      • дызайн тэрыторыі, якая прылягае да бібліятэкі;
      • рэкламна-інфармацыйная дзейнасць бібліятэкі (віды рэкламы, прававыя асновы рэкламнай дзейнасці, патрабаванні да рэкламных тэкстаў і г.д.);
      • імідж бібліятэкі (распрацоўка фірмовага стылю, атрыбутыкі, іміджавая рэклама) і інш.
       
  24. Фарміраванне кадравай палітыкі ў сферы павышэння кваліфікацыі шмат у чым залежыць ад фінансавання гэтай дзейнасці. Неабходна, каб у кансалідаваным бюджэце на культуру ў частцы расходаў на бібліятэкі заўсёды прадугледжваліся сродкі на перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных кадраў.
     
  25. Выдавецтвам Рэспублікі Беларусь, мэтавай аўдыторыяй якіх з’яўляюцца работнікі бібліятэк, неабходна будаваць сваю выдавецкую палітыку з улікам тэм, прыведзеных у пп. 21–23 і накіраваных на развіццё комплексу спецыяльных і базавых прафесійных кампетэнцый. Для гэтага мэтазгодна ажыццяўляць цэнтралізаваны маніторынг прафесійных кампетэнцый бібліятэкараў не радзей за адзін раз на 5 гадоў.
     
  26. Павышэнне кваліфікацыі неабходна ўлічваць пры правядзенні атэстацыі бібліятэчных спецыялістаў, прысваенні ім кваліфікацыйных катэгорый і пераводзе іх на вышэйшую пасаду.
Бібліятэкарам