ГалоўнаяБiблiятэкарамБібліятэчна-бібліяграфічныя класіфікацыйныя сістэмыУніверсальная дзесятковая класіфікацыя (УДК)

Універсальная дзесятковая класіфікацыя

Універсальная дзесятковая класіфікацыя (УДК) – міжнародная ўніверсальная класіфікацыйная сістэма, якая дазваляе дэталёва раскрыць змест розных па аб'ёме і прызначэнні фондаў – ад невялікіх вузкатэматычных збораў да буйных галіновых і ўніверсальных фондаў – і забяспечыць хуткі і якасны пошук інфармацыі.

Прынята ў СССР з 1963 г. і па сённяшні час з'яўляецца абавязковай у Расійскай Федэрацыі класіфікацыяй для індэксавання публікацый у навукова-тэхнічных выдавецтвах, рэдакцыях навукова-тэхнічных часопісаў, органах навукова-тэхнічнай інфармацыі, навукова-тэхнічных бібліятэках. Магчымасць адзінай сістэматызацыі робіць УДК самай зручнай класіфікацыяй ў працэсе міжнароднага абмену інфармацыяй.

Права выдання, распаўсюджвання ў свеце і перакладу на нацыянальныя мовы належыць кансорцыуму УДК (Гаага, Нідэрланды).

У Беларусі прымяняецца ў 253 бібліяграфавальных установах, сярод якіх Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 7 рэспубліканскіх бібліятэк, каля 200 навукова-тэхнічных бібліятэк, 34 бібліятэкі вышэйшых навучальных устаноў, 10 рэспубліканскіх медыцынскіх навукова-практычных цэнтраў, бібліятэка Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Актуальнымі для выкарыстання з'яўляюцца 4-е поўнае выданне на рускай мове ў 10-ці тамах, змяненні і дадаткі да яго, а таксама скарочанае выданне ў 1 томе, якія падтрымліваюцца, выдаюцца і распаўсюджваюцца Усерасійскім (раней Усесаюзным) інстытутам навуковай і тэхнічнай інфармацыі Расійскай акадэміі навук (УІНІТІ РАН, Масква, Расійская Федэрацыя), і база даных Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі (ДПНТБ, Масква, Расійская Федэрацыя).

Табліцы УДК, апублікаваныя на беларускай мове ў 2016 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў выглядзе аднатомную выдання, рэкамендуюцца для выкарыстання ўсімі бібліятэкамі Беларусі ў якасці інструмента для сістэматызацыі дакументаў рознай відавай і галіновай прыналежнасці, у тым ліку краязнаўчых фондаў абласных і раённых бібліятэк, і пошуку інфармацыі .


Бібліятэкарам