www.nlb.by
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БIБЛIЯТЭКА БЕЛАРУСI
ГУ "Нацыянальная бiблiятэка Беларусi"
Адрас у iнтэрнэте: http://www.nlb.by/portal/page/portal/index/detailed_news?param0=131053&lang=be&rubricId=711
Надрукавана:


Нацыянальная бібліятэка Беларусі
2015-11-20  
НАВIНЫ
Альбом “Terra Mariana” і беларуска-латвійскія сувязі
19 лістапада ў бібліятэцы адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя альбому “Terra Mariana” і беларуска-латвійскім культурным сувязям.

Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі і Латвіі, прадстаўнікі ўстаноў культуры, навукі, адукацыі і грамадскіх арганізацый.

Круглы стол “Альбом «Terra Mariana» і беларуска-латвійскія культурныя сувязі” быў прысвечаны выданню, якое стала ўнікальнай з’явай у гісторыі культуры Латвіі, а таксама беларуска-латвійскім культурным узаемасувязям.

З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс.

З латвійскага боку з дакладамі выступілі дырэктар Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі Андрыс Вілкс (“Возрождение альбома «Terra Mariana»”), намеснік дырэктара Інстытута гісторыі мастацтваў Латвійскай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтваў Рута Камінска (“В поисках истоков наследия искусства: альбом «Terra Mariana» и его создатели”), асацыяваны прафесар Даўгаўпілскага ўніверсітэта, доктар гісторыі Хенрыхс Сомс (“Польская Ливония – самая ценная жемчужина Могилёвского архиепископства”). Усе дакладчыкі прымалі непасрэдны ўдзел у стварэнні факсіміле альбома “Terra Mariana”.

Вопыт беларускага боку па стварэнні факсімільных выданняў рукапісных і друкаваных кніжных помнікаў у сваім дакладзе “Деятельность Национальной библиотеки Беларуси по факсимильному воспроизведению памятников книжного наследия” прадставіў намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша. З дакладамі выступілі таксама кандыдат мастацтвазнаўства Валянціна Малюшына (“Художественный облик альбома «Terra Mariana»: взгляд из Беларуси”) і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Дзярновіч (“Документальное наследие Беларуси и Латвии в контексте всеобщей и региональной истории”).

Ва ўрачыстай абстаноўцы прайшла прэзентацыя альбома "Terra Mariana". Шырокай публіцы была прадстаўлена бібліяграфічная рэдкасць: факсімільнае выданне гістарычнага альбома.

Альбом расказвае пра распаўсюджванне і традыцыі хрысціянскай веры ў Балтыі ў перыяд з XII па канец XIX стагоддзя. Назва альбома перакладаецца як “Зямля Марыі”. Так было прынята называць сярэдневяковую Лівонію, у якую ўваходзілі сучасныя латвійскія і эстонскія землі. Арыгінал альбома быў надрукаваны ў Рызе ў 1888 годзе ў адзіным экзэмпляры і падораны Папу Рымскаму Льву XIII. Ініцыятыва выдання альбома належала графіні Марыі Пшэздзецкай (1823–1890) з роду Тызенгаўзенаў. На 70 пергаментных лістах быў прадстаўлены багаты візуальны і тэкставы матэрыял аб лівонскіх замках, цэрквах, гербах старадаўніх шляхецкіх родаў, гістарычных асобах і інш. У дадзены час альбом "Terra Mariana" захоўваецца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы.

Дырэктар Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі Андрыс Вілкс перадаў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі факсімільнае выданне альбома “Terra Mariana”.